Каля мяжы з Польшчай пройдуць вучэнні беларускіх і расейскіх дэсантнікаў
28- 17.04.2013, 13:42
Сумеснае беларуска-расейскае батальённае тактычнае вучэнне пройдзе 22-24 красавіка пад Брэстам.
У ім возьмуць удзел падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Беларусі і Паветрана-дэсантных войскаў Расеі. Вучэнні правядуць на палігоне «Брэсцкі», паведамляе ўпраўленне прэс-службы і інфармацыі Мінабароны РФ.
«Ад расейскага боку для ўдзелу ў вучэнні ўжо ў канцы гэтага тыдня адправіцца парашутна-дэсантны ўзвод Пскоўскай дэсантна-штурмавой дывізіі ВДВ. Беларускі бок забяспечыць расейскіх дэсантнікаў ваеннай тэхнікай, зброяй, боепрыпасамі, сродкамі сувязі і імітацыі, неабходнай маёмасцю і рыштункам. Расейскія вайскоўцы возьмуць з сабой у Беларусь толькі неабходную экіпіроўку», - гаворыцца ў паведамленні.
У гэтым годзе падраздзяленні расейскіх і беларускіх ПДВ прымуць удзел і ў сумесным вучэнні «Узаемадзеянне-2013» з воінскімі кантынгентамі Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання дзяржаў-удзельніц АДКБ.
Нагадаем, у верасні дзве дзяржавы правядуць сумесныя ваенныя вучэнні стратэгічнага ўзроўню «Захад-2013». Вучэнні павінны прайсці ў два этапы на палігонах Расеі і Беларусі.
Пакуль афіцыйнай інфармацыі пра сцэнар вучэнняў і сілы, якія ўдзельнічаюць у іх, у латвійскага боку няма, аднак ёсць здагадка, што вучэнні будуць нагадваць вучэнні «Захад-2009», якія выклікалі вялікі рэзананс. Тады ў вучэннях прынялі ўдзел больш 12 тыс. вайскоўцаў, афіцыйна яны былі названыя абароннымі, закліканымі падтрымаць стратэгічную стабільнасць у рэгіёне.
Аднак у іх сцэнары, паводле некаторых паведамленняў, быў прадугледжаны напад на тэрыторыю балтыйскіх краін і прэвентыўны ядзерны ўдар па Варшаве.