24 лiстапада 2024, Нядзеля, 14:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марафон салідарнасці з Андрэем Гайдуковым

5
Марафон салідарнасці з Андрэем Гайдуковым

У Менску 17 красавіка прайшоў «Марафон салідарнасці» з палітвязнем Андрэем Гайдуковым.

Ён быў прысвечаны абмеркаванню сітуацыі, якая склалася вакол грамадскага актывіста, абвінавачанага ў «шпіянажы» і «здрадзе дзяржаве». У мерапрыемстве прынялі ўдзел гісторык Ігар Кузняцоў, праваабаронца Алег Волчак, кіраўнік Менскага аддзялення Міжнароднага таварыства «Мемарыял» Уладзімір Раманоўскі, лідар моладзевай арганізацыі «Альтэрнатыва» Алег Корбан, намеснік старшыні руху салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў, актывіст «Еўрапейскай Беларусі, былы палітвязень Зміцер Дрозд, грамадскія актывісты Ніна Багінская, Таццяна Кім і іншыя.

Ганна Шапуцька зачытала ліст ад палітычнага вязня Паўла Севярынца, які знаходзіцца на «хіміі

Ігар Кузняцоў у сваім выступленні адзначыў поўную адсутнасць інфармацыі аб ходзе следства, параўнаў гэтую справу з «шпіёнскімі» справамі 30-х гадоў. Таксама ён адзначыў некаторыя «дзівацтвы» абвінавачвання, такія як затрыманне за шпіянаж маладога чалавека, які не мае ніякага доступу да дзяржаўных сакрэтаў. На думку Кузняцова выклікае сумнеў і перадача інфармацыі ў век інтэрнэту і тэлефона такім дзедаўскім спосабам, як закладанне тайніка. А таксама само затрыманне Андрэя менавіта ў момант закладання, а не ў момант канфіскацыі, што дазволіла б узяць яшчэ адно звяно «шпіёнскай сеткі».

Алег Волчак агучыў вядомыя яму падрабязнасці ходу следства. Ён назваў яго спробай запалохвання найбольш актыўнай часткі беларускай моладзі. Праваабаронца таксама выказаў сваё шкадаванне, што гэта справа не дастаткова асвятляецца незалежнымі СМІ, і лідары палітычных партый не праяўляюць да яе цікавасці.

Алег Корбан адзначыў, што менавіта моладзевыя арганізацыі павінны стаць на абарону палітычна і грамадска актыўнай часткі моладзі, усяляк прыцягваць увагу грамадзянаў да гэтай праблемы.

Зміцер Дрозд зачытаў заяву грамадзянскай кампаніі «Еўрапейскай Беларусі», у якой гаворыцца пра абставіны справы Гайдукова.

Алесь Макаеў у сваім выступленні сказаў, што, на яго жаль, сярод праваабарончых арганізацый да гэтага часу няма адзінага меркавання, каго прызнаць палітычнымі вязнямі. Ён адзначыў дзве справы, якія выклікаюць сярод праваабаронцаў нязгоду: гэта справа былога палітычнага вязня, які павесіў бел-чырвона-белы сцяг на будынку КДБ, Аляксандра Малчанава і справа Андрэя Гайдукова. Ён заклікаў выпрацаваць адзіны пункт гледжання.

Таццяна Кім зачытала ліст ад Аляксандра Малчанава, у якім ён падзякаваў усім, хто аказвае яму дапамогу, і заклікала людзей не стаяць у баку ад гэтай агульнай нашай бяды і больш актыўна ўдзельнічаць у жыцці людзей, якія пацярпелі за барацьбу з рэжымам.

Удзельнікі «Марафону салідарнасці» падпісалі зварот да міжнароднай грамадскасці, у якім заклікаюць звярнуць пільную ўвагу на справу Андрэя Гайдукова і прыкласці ўсе намаганні для яго вызвалення. Падпісаць зварот могуць усе жадаючыя.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках