«Еўрахім» настойвае на куплі «Гродна Азота»
7- 21.04.2013, 12:58
ААТ «Мінеральна-хімічная кампанія «ЕўраХім» зацікаўленая ў куплі долі беларускага ААТ «Гродна Азот».
Пра гэта журналістам у кулуарах форуму «Расея-2013» паведаміў генеральны дырэктар кампаніі Дзмітрый Стрэжнеў, піша РБК.
«Гродна Азот» нас таксама цікавіць, але пакуль яго не прадаюць, а абмяркоўваюць магчымасць продажу», - сказаў ён.
Па словах Стрэжнева, ацэнку гэтага актыву будзе праводзіць бок, які прадае - урад Беларусі.
«Зараз абмяркоўваецца пытанне, у які тэрмін і з якімі інвестыцыйнымі абавязацельствамі Беларусь будзе прыцягваць сродкі ў «Гродна Азот», - сказаў гендырэктар «ЕўраХіма».
Пры гэтым Стрэжнеў адзначыў, што, па яго дадзеных, з расейскага боку ў гэтым актыве зацікаўленыя некалькі ўдзельнікаў рынку.
У лютым 2013г. улады Беларусі абвясцілі, што вызначаны пералік прадпрыемстваў, продаж акцый якіх дазволіць прыцягнуць 5 млрд дал. У яго, у прыватнасці, былі ўключаныя «Беларуськалій», «Нафтан», «Гродна Азот», «БелАЗ». Пры гэтым адзначалася, што гаворка пра іх поўны продаж не ідзе. Як тады казаў кіраўнік Дзяржкамітэта па маёмасці Георгій Кузняцоў, прапануецца продаж пакетаў акцый гэтых прадпрыемстваў ад 10% да 25%, не больш, каб захаваць кантроль дзяржавы ў іх.
Між тым Аляксандр Лукашэнка казаў, што не лічыць патрэбным у тэрміновым парадку прадаваць беларускую ўласнасць Расеі, закранаючы пытанне прыватызацыі ААТ «Гродна Азот», Менскага завода колавых цягачоў, нафтаправода «Дружба». «Ніхто за бесцань гэтыя прадпрыемствы прадаваць не будзе», - падкрэсліваў ён.
«Гродна Азот» - манапаліст у вытворчасці азотнай прадукцыі ў Беларусі, выпускае ўгнаенні, тэхнічны вадкі аміяк, біядызельнае паліва, хімічнае валакно і інш, каля 50% прадукцыі экспартуецца.