Першая лэдзі Польшчы сустрэлася з жонкамі беларускіх палітвязняў
18- 21.04.2013, 21:47

Ганна Камароўская падтрымала Наталлю Пінчук, Марыну Адамовіч і Анастасію Дашкевіч.
Сёння жонка прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага сустрэлася з жонкамі праваабаронцы Алеся Бяляцкага, былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча і лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча.
Ганна Камароўская выказала салідарнасць і падтрымку Наталлі Пінчук, Марыне Адамовіч і Анастасіі Дашкевіч.
«Сустрэча была вельмі душэўнай. Мы гаварылі на адной мове. Яна сама жонка былога палітвязня і ведае аб нашай бядзе не па чутках. Мы казалі пра важнасць еўрапейскай салідарнасці і нашу агульную надзею на падтрымку з боку еўрапейскіх лідараў. Для мяне гэтая сустрэча была эмацыйна вельмі прыемнай, і я сышла з яе ў пэўнай ступені заспакоенай», - сказала Марына Адамовіч сайту charter97.org пасля сустрэчы з жонкай прэзідэнта Польшчы.
«Вельмі важная сустрэча на такім высокім узроўні. Ганна Камароўская добра памятае тыя часы, калі Польшча сама змагалася з дыктатурай. Гэта тая жанчына, якая разумее нас як палітычна, так і па-жаночаму», - адзначыла Анастасія Дашкевіч.