Аляксандр Чубрык: Продаж буйных прадпрыемстваў не прывядзе да рэформы эканомікі
15- 22.04.2013, 15:23
З пункту гледжання эканамічнай эфектыўнасці больш сур'ёзным пытаннем з'яўляецца прыватызацыя прадпрыемстваў сярэдняга ўзроўню.
Пра гэта сайту charter97.org заявіў дырэктар даследчага цэнтра «Даследаванні, прагнозы, маніторынг» (ДПМ) Аляксандр Чубрык, каментуючы выказванне Лукашэнкі наконт прыватызацыі МАЗа.
«На самой справе супольнасць і ўлада вельмі моцна засяроджваюць увагу на прыватызацыі буйных прадпрыемстваў у тым сэнсе, што ўвагі шмат, але канкрэтных зрухаў мала. На мой погляд, у дадзенай сітуацыі больш цікавай з'яўляецца сярэдняя прыватызацыя. І тут увагі з боку грамадства няшмат, ды і Лукашэнка не часта ўспамінае пра гэта. Але з пункту гледжання агульнай эканамічнай эфектыўнасці і росту прадуктыўнасці ў эканоміцы гэта пытанне больш сур'ёзнае», - упэўнены эканаміст.
Ён адзначыў, што Сусветны банк апублікаваў даследаванні 2012 года і зрабіў высновы, што вытворчыя ланцужкі, на вяршыні якіх стаіць, напрыклад, МАЗ, вельмі неэфектыўныя.
«Гэта звязана з тым, што ў сам ланцужок уваходзіць вельмі шмат дзяржаўных сярэдніх прадпрыемстваў, якія субсідуюцца дзяржавай напрамую ці праз банкаўскія крэдыты. Гэта вельмі вялікая нагрузка для эканомікі. Нягледзячы на ўсё гэта, дадзеныя прадпрыемствы з'яўляюцца неэфектыўнымі, а значыць, гэта памяншае эфектыўнасць такога стратэгічнага прадпрыемства, як МАЗ. Таму размова хутчэй павінна ісці пра тое, каб рабіць сярэднюю прыватызацыю па гэтым ланцужку. Але там таксама існуюць досыць сур'ёзныя перашкоды. І трэба рабіць аналіз, чаму так адбываецца, і што перашкаджае сярэдняму беларускаму і замежнаму бізнесу ўдзельнічаць у прыватызацыі сярэдніх прадпрыемстваў. Прыклад з МАЗам не адзінкавы, такіх прадпрыемстваў шмат у лёгкай прамысловасці, машынабудаванні, практычна паўсюль», - лічыць эксперт.
Аналітык падкрэсліў, што дастаткова вялікая праблема заключаецца ў тым, што такая прыватызацыя актывізавалася ў 2011 годзе, але потым было зроблена некалькі рэчаў, якія трохі спалохалі інвестараў.
«Таму цяпер дадзеная прыватызацыя амаль замарожаная. Менавіта тут ляжыць галоўны складнік нейкіх эканамічных зрухаў. Пытанне прыватызацыі МАЗа - гэта пытанне палітычнага рашэння. Прымаецца адпаведнае заканадаўства і ўсё адбываецца даволі хутка. Калі мы гаворым пра сярэднія прадпрыемствы, то тут недастаткова проста сказаць. Трэба змяніць шмат рэчаў у заканадаўстве, у сістэме прыняцця рашэнняў і ў падыходах да ўсяго гэтага. І такая прыватызацыя, у адрозненне ад буйной, цягне за сабой істотныя рэформы і змены эканамічнай мадэлі. Таму яна менш цікавая з пункту гледжання доўгатэрміновага развіцця краіны», - падсумаваў Аляксандр Чубрык.
Нагадаем, выступаючы ў пятніцу з пасланнем да народа і «парламента», беларускі кіраўнік рэзка скрытыкаваў спробы расейскага бізнесу атрымаць кантроль над МАЗам і МЗКЦ.