18 красавiка 2024, Чацвер, 19:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марына Адамовіч: Колькі можна верыць хлуслівым абяцанням?

6
Марына Адамовіч: Колькі можна верыць хлуслівым абяцанням?

Арышт Паўла Вінаградава абвяргае ўсе намёкі на лібералізацыю і дыялог.

Так жонка палітвязня Мікалая Статкевіча пракаментавала сайту charter97.org прысуд моладзеваму актывісту, якога адправілі ў турму на 12 сутак.

«Я вельмі ўдзячная як Паўлу Вінаградаву, так і ўсім астатнім моладзевым актывістам за тое, што яны працягваюць нагадваць грамадству пра тое, што ў краіне ёсць палітвязні, за акцыю ў падтрымку Мікалая Статкевіча. Я зраблю ўсё, каб ён даведаўся пра яе», - сказала Марына Адамовіч.

Жонка палітвязня адзначыла, што прысуд паказвае сапраўдныя намеры беларускіх уладаў і з'яўляецца сігналам для еўрапейскіх чыноўнікаў, якія разлічваюць на дыялог з афіцыйным Менскам.

«Сёння ў інтэрнэце вельмі непрыемная для мяне інфармацыя аб тым, што Еўрапейскі Звяз вітае крокі Менска па наладжванні адносін і, у прыватнасці, рашэнне аб аднаўленні работы амбасады Швецыі. Было заяўлена, што «ЕЗ павінен знайсці спосабы лепш улічваць чаканні партнёраў».

Мы шмат разоў казалі пра тое, што авансы, якія перыядычна выдаюцца еўрапейцамі, як правіла, прыводзяць зусім не да паляпшэння сітуацыі. Я б верыла толькі справам. А яны такія: працягваецца ціск на Мікалая Статкевіча, 20 сутак у ШЫЗА правёў Ігар Аліневіч, сёння 12 сутак атрымаў Павел Вінаградаў. Усё гэта паказвае, што ніхто не збіраецца ўсур'ёз выконваць узятыя абавязацельствы. У рэшце рэшт, калі краіна абяцае лібералізацыю, то за звычайную чалавечую акцыю салідарнасці нельга садзіць у турму нават пры ўмове таго, што ўлады лічаць яе несанкцыянаваным пікетам. Гэта зусім не адпавядае дэкларатыўным запэўненням аб нармалізацыі адносінаў, а з'яўляецца яшчэ адной ілюстрацыяй намераў уладаў. Можа быць, яна прымусіць адумацца прадстаўнікоў ЕЗ.

Колькі можна верыць усім гэтым «намёкам» і «сігналам»? Для мяне сігнал адзін - адсутнасць палітычна матываваных прысудаў, магчымасць выказваць сваё меркаванне і выхад на свабоду палітвязняў. Усё астатняе вядзе толькі да кансервацыі сітуацыі ў Беларусі», - заявіла Марына Адамовіч.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках