9 лiстапада 2024, Субота, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктар польскага нафтагазавага гіганта звольненая за пагадненне з «Газпрамам»

11
Дырэктар польскага нафтагазавага гіганта звольненая за пагадненне з «Газпрамам»

Наглядальны савет найбуйнейшай польскай нафтагазавай кампаніі PGNiG звольніў генеральнага дырэктара Гражыну Пятроўску-Аліву.

Ініцыятыва гэтага рашэння зыходзіла ад Міністэрства фінансаў, якому належыць кантрольны пакет акцый. Пра гэта піша газета Rzeczpospolita (пераклад - charter97.org) са спасылкай на крыніцы ў кампаніі.

Звальненне генеральнага дырэктара PGNiG стала чарговым наступствам інцыдэнту, звязанага з падпісаннем мемарандума аб будаўніцтве газаправода Ямал-Еўропа.

Тыдзень таму прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск абвясціў аб адстаўцы міністра фінансаў краіны Мікалая Будзаноўскага. Тады ж кіраўнік урада заклікаў да кадравых перамен унутры газавай манаполіі PGNiG. Прычынай гэтых рашэнняў і заяваў таксама сталі пагадненні з «Газпрамам».

У пачатку красавіка расейская кампанія і Europol Gaz падпісалі мемарандум, які прадугледжвае магчымасць будаўніцтва другой чаргі газаправода «Ямал-Еўропа» праз Беларусь і Польшчу ў напрамку Славакіі і Венгрыі да 2018 года. Яго максімальная магутнасць складзе 15 млрд куб. м газу. Падумаць пра будаўніцтва другой ніткі «Ямал-Еўропа» «Газпраму» параіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Europol Gaz - сумеснае прадпрыемства «Газпрама» і PGNiG (яны валодаюць па 48% акцый кампаніі). СП належыць дзеючы газаправод «Ямал-Еўропа» на тэрыторыі Польшчы. Яшчэ 4% Europol Gaz - у кампаніі Gas-Trading S. A. (43,41% - у PGNiG, 36,17% - у PHZ Bartimpex Аляксандра Гудзаватага, 15,88% - у «Газпрам экспарту», па 2,27% - у Wеglokoks і Wintershall Erdgas Handelshaus). Расея даўно настойвае на выключэнні трэцяга саўладальніка з СП і пераходзе да парытэтнага валодання (эфектыўная доля PGNiG у СП дасягае 49,7%).

Расейскі бок прапанаваў падпісаць мемарандум аб магчымасці пашырэння газаправода «Ямал-Еўропа» яшчэ ў кастрычніку 2012 г., гаворыцца ў справаздачы міністэрства ўнутраных спраў Польшчы. Гэтая тэма ўзнікла ў ходзе перамоваў паміж «Газэкспартам» і PGNiG, прысвечаных змене коштавых умоваў паставак расейскага газу.

Раней Дональд Туск казаў, што Варшава не зацікаўленая ў рэзкім павелічэнні імпарту газу з Расеі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках