28 снежня 2024, Субота, 4:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Барбарыч: Паказанні міліцыянтаў былі прасякнутыя хлуснёй

15
Генадзь Барбарыч: Паказанні міліцыянтаў былі прасякнутыя хлуснёй

Суддзя бачыў, што міліцыянты хлусяць, як дзеці, але, тым не менш, «штампаваў» пастановы, заявіў асуджаны журналіст.

Пра гэта журналіст «Радыё Рацыя» Генадзь Барбарыч, які выйшаў на волю пасля трох сутак арышту ў турме на Акрэсціна, заявіў у інтэрв'ю charter97.org.

«Праваахоўныя органы ўзяліся за наша радыё больш шчыльна. Калі двух журналістаў аднаго СМІ без бачных прычын хапаюць і вязуць, то гэта мэтанакіраваная акцыя. Мы асвятляем усё тое ж, што і іншыя незалежныя сродкі масавай інфармацыі: сітуацыю з палітвязнямі, мерапрыемствы апазіцыі, і нічым асабліва не вылучаемся. Можа быць, паўплывала тое, што мы не акрэдытаваныя. Несумненна, на незалежную прэсу з боку аказваецца ціск. Можа, ён не такі моцны, як мог бы быць, але робіцца гэта ўвесь час», - лічыць журналіст.

Ён адзначыў, што першы час пасля затрымання спадзяваўся на больш хуткае вызваленне.

«Мяне затрымалі не ў першы раз, бо я ўжо 15 гадоў асвятляю «Чарнобыльскі шлях». Раней, калі даведваліся, што я журналіст, то адпускалі. Але ў гэты раз атрымалася інакш. Плюс да ўсяго, у нас забралі фотаапараты і выдалілі з карт памяці ўсе здымкі з акцыі», - дадаў супрацоўнік беларускага радыё.

Ён падкрэсліў, што ўлады пабаяліся выносіць журналістам больш жорсткі прысуд, чым астатнім затрыманым, таму што ў інтэрнэце з гэтай нагоды разгарэўся досыць вялікі скандал.

«Нас затрымалі абсалютна беспадстаўна. Міліцэйскія пратаколы былі наскрозь прасякнутыя хлуснёй. У іх было сказана, што мы супраціўляліся, падалі на зямлю і не паказалі пасведчанні прэсы, а яны нібыта адразу ж прадставіліся. Але ўсё было роўна наадварот. Падчас суда таксама было шмат блытаніны, супярэчнасцяў і неадпаведнасцяў. Суддзя бачыў, што міліцыянты хлусяць, як дзеці, але, тым не менш, «штампаваў» пастановы. Не дай Бог, калі такое яшчэ раз здарыцца, то буду хадайнічаць аб праверцы ўсіх на дэтэктары хлусні. Але зараз я маю намер абскардзіць пастанову суда. У адваротным выпадку я пагаджуся з ілжывым абвінавачваннем», - падсумаваў Генадзь Барбарыч.

Нагадаем, учора суд Савецкага раёна Менска прысудзіў удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» і незалежных журналістаў да адміністрацыйных арыштаў.

Усяго на акцыі, якая прайшла ў беларускай сталіцы 26 красавіка, было затрымана каля дзесяці чалавек. Частка з іх была вызваленая. Некаторых, у тым ліку журналістаў Генадзя Барбарыча, Аляксандра Ярашэвіча, удзельнікаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандра Тарнагурскага, Змітра Чарняка, праваабаронцу Вячаслава Дашкевіча, актывіста анархісцкага руху Ігара Трухановіча, якога жорстка збілі перад затрыманнем, даставілі ў турму на вуліцы Акрэсціна.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках