У Пінску ў пад'ездзе шматпавярхоўкі знайшлі выкінутага немаўля
35- 4.04.2013, 16:21
У Пінску да дзвярэй кватэры ў шматпавярхоўцы падклалі нованароджаную дзяўчынку.
Як паведаміў БелаПАН старшы інспектар групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў Пінскага гарадскога аддзела ўнутраных спраў Юрый Куцэвіч, у Пінску на лесвічнай пляцоўцы жылога дома выяўленая нованароджаная дзяўчынка.
3 красавіка ў 14.20 у аператыўна-дзяжурную службу Пінскага ГАУС паступіла паведамленне ад жанчыны, якая пражывае па вуліцы Новікава. Яна распавяла, што ёй у кватэру пазваніў невядомы, а калі яна адкрыла дзверы, убачыла на лесвічнай пляцоўцы загорнутую ў плед нованароджаную дзяўчынку, якая плакала.
Жанчына забрала дзіця ў дом і патэлефанавала ў міліцыю. На выклік прыбылі следча-аператыўная група Пінскага ГАУС і брыгада хуткай дапамогі.
Медыкі агледзелі дзяўчынку. Паводле папярэдняй інфармацыі, у яе лёгкае пераахаладжэнне, цалкам дзіця здаровае. У цяперашні час нованароджаная знаходзіцца пад наглядам лекараў у пінскай дзіцячай гарадской лякарні.
Нагадаем, з-за нязгод чыноўнікаў у Беларусі пакуль адсутнічаюць бэбі-боксы. Цяпер жанчына, якая пакінула свайго дзіцяці ў дзіцячым доме, павінна штомесяц выплачваць грошы на яго ўтрыманне, сума складае каля 913 тысяч. Таму некаторыя жанчыны выкідваюць сваіх немаўлятаў, каб не плаціць за дзіцячы дом.