«Газпрам» і «Europol Gaz» дамовіліся аб газаправодзе праз Беларусь
38- 5.04.2013, 12:49
Старшыня праўлення «Газпрама» Аляксей Мілер і кіраўнік «Europol Gaz» Міраслаў Добрут падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні.
Гэта адбылося падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу, паведаміла прэс-служба расейскай кампаніі.
Дакумент прадугледжвае рэалізацыю праекта «Ямал-Еўропа 2» праз тэрыторыю Беларусі і Польшчы ў кірунку Славакіі і Венгрыі магутнасцю не менш як 15 млрд куб. м газу ў год.
«Тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне праекта павінна быць падрыхтавана на працягу шасці месяцаў», - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы «Газпрама».
EuroPol Gaz з'яўляецца ўласнікам газаправода «Ямал - Еўропа» на тэрыторыі Польшчы працягласцю 684 км. Яго асноўныя акцыянеры - «Газпрам» і польская кампанія PGNiG SA.
Нагадаем, 3 красавіка прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін даручыў «Газпраму» вярнуцца да прапрацоўкі праекта газаправода «Ямал-Еўропа 2» для павышэння надзейнасці паставак у Польшчу, Славакію і Венгрыю.
«Мы ў сувязі з «Паўночным патокам» і «Паўднёвым патокам» фактычна адмовіліся ад праекту Ямал-Еўропа-2. Па «Паўднёвым патоку» мы ўжо практычна пачалі работы, і я прасіў бы вярнуцца да праекта Ямал-Еўропа-2», - заявіў ён на сустрэчы з кіраўніком «Газпрама» Аляксеем Мілерам.
Праект газаправода «Ямал-Еўропа 2» быў падвергнуты крытыцы ў Польшчы. Беларускія эксперты падкрэслілі, што наша краіна не з'яўляецца ўласнікам газатранспартнай сістэмы на сваёй тэрыторыі і, адпаведна, не зможа зарабіць сур'ёзныя грошы на яго будаўніцтве.
Фотa: PROJECT_MANAGER