28 снежня 2024, Субота, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Манеўры амбасадараў

1
Манеўры амбасадараў

Панядзелак 8 красавіка стане першым працоўным днём у Беларусі новага амбасадара Літвы Эвалдаса Ігнатавічуса.

Накіроўваючы яго на гэтую пасаду, прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што Літва імкнецца ствараць з суседзямі канструктыўныя адносіны, якія грунтуюцца на еўрапейскіх прынцыпах, перадае «Радыё Свабода».

Новаму амбасадару 46 гадоў. Але, нягледзячы на адносна малады ўзрост, ён мае вялікі дыпламатычны досвед. У МЗС Літвы Эвалдас Ігнатавічус (на фота) працуе з 1991 года. Ён быў віцэ-міністрам, статс-сакратаром, амбасадарам у Германіі.

На высокі прафесіяналізм новага амбасадара перш за ўсё звяртае ўвагу прафесар з Вільні Раймундас Лапата.

«Амбасадар Эвалдас Ігнатавічус, які прыязджае працаваць у Менск, - вельмі вопытны дыпламат. І яго прызначэнне варта расцэньваць як прыкмету таго, што літоўскае кіраўніцтва лічыць адносіны з Беларуссю вельмі важнымі. І наогул я хачу звярнуць увагу на тое, што амаль усе ранейшыя нашы амбасадары, якія працавалі ў Беларусі, - гэта, як мы кажам, вельмі сур'ёзныя людзі. Таму я думаю, што і наш новы амбасадар будзе імкнуцца працаваць па поўнай праграме», - сказаў літоўскі прафесар.

Эвалдас Ігнатавічус валодае англійскай, нямецкай, польскай і рускай мовамі. Ён узнагароджаны крыжом камандора ордэна «За заслугі перад Літвой». У Менску ён заменіць Лінаса Лінкявічуса, які ў канцы мінулага года ўзначаліў МЗС Літвы.

Да працы ў Менску прыступае і новы амбасадар Украіны - Міхаіл Яжэль. Прызначэнне на гэты пост прафесійнага вайскоўца, які не мае дыпламатычнага вопыту, выглядае дзіўным.

«Калі паглядзець на супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, то 30% займае ваенна-прамысловы комплекс. Таму можна пагаджацца з актуальнасцю гэтага прызначэння. Хоць Міністэрства абароны ва Украіне не мае абсалютна ніякага дачынення да ВПК. У нас гэтым займаецца Міністэрства прамысловасці, бо ўсе ваенныя заводы знаходзяцца ў яго падпарадкаванні Міністэрства прамысловасці», - адзначае былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны.

А кіеўскі палітолаг Міхаіл Білецкі кажа, што ўкраінскі МЗС не лічыць беларускі кірунак прыярытэтным.

«У нашым МЗС, мабыць, не лічаць беларускі кірунак важным і рызыкоўным, не лічаць Беларусь прыярытэтным вектарам ў знешняй палітыцы, таму і паставілі амбасадарам ваеннага чалавека. Для самога Яжэля гэта як ганаровая высылка. Ён чалавек немалады, хай дабірае рэшткі стажу і цешыць сваё самалюбства», - сказаў ён.

Ускосна гэта здагадка падмацоўваецца і тым, што ўжо паўгода дыпламатычная місія Украіны ў Беларусі не мае амбасадара. Папярэдні амбасадар Віктар Ціханаў у мінулым годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнай Рады, пасля чаго пакінуў Беларусь.

Неўзабаве з'явіцца ў Менску і яшчэ адзін новы амбасадар - Славакіі. Па неафіцыйнай інфармацыі, у МЗС гэтай краіны з кандыдатурай ужо вызначыліся. Але пакуль канкрэтнага прозвішча вырашана не называць. Што тычыцца ранейшага амбасадара Марыян Серваткі, то ён пасля адпачынку будзе працаваць у апараце міністэрства.

Самая загадкавая сітуацыя цяпер з амбасадай Швецыі. У прыватных размовах некаторыя еўрапейскія палітыкі кажуць, што афіцыйны Менск даў згоду на вяртанне шведскіх дыпламатаў у Беларусь. Аднак паставіў пры гэтым ўмову - міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея трэба выкрасліць з «чорнага спісу» неўяздных у еўрапейскія краіны.

Што тычыцца беларускіх амбасадараў у названых краінах, то тут сітуацыя выглядае так. Дыпмісію ў Літве ўзначальвае 65-гадовы Уладзімір Дражын. На гэтай пасадзе ён з сярэдзіны 2006 года.

Амбасадар Беларусі ва Украіне - Уладзімір Вялічка, якому ўжо 68 гадоў. Ён свайго роду рэкардсмен-доўгажыхар, бо знаходзіцца ў Кіеве з 2002 года.

Невялікую амбасаду Беларусі ў Славакіі з восені 2010 года ўзначальвае прафесійны дыпламат Уладзімір Серпікаў.

А амбасадарам Беларусі ў Швецыю павінен быў ехаць добра вядомы многім журналістам Мікалай Барысевіч, які ў свой час працаваў прэс-сакратаром і МЗС, і беларускага кіраўніка. Аднак пасля высылкі з Менска Стэфана Эрыксана шведскі бок адмовіўся прымаць новага кіраўніка дыпмісіі Беларусі.

Інтарэсы Швецыі ў Беларусі зараз ўзяла на сябе амбасада Эстоніі ў Беларусі, а інтарэсы Беларусі ў Швецыі - амбасада Беларусі ў Латвіі.

Фотa: delfi.lt

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках