2 траўня 2024, Чацвер, 11:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пацёмкінскія фасады капітальнага рамонту

13
Пацёмкінскія фасады капітальнага рамонту

Капітальны рамонт дома на вуліцы Пуліхава ў Менску паставіў пад пагрозу бяспеку яго жыхароў.

Уважлівы назіральнік, несумненна, адзначыць пафарбаваныя фасады і адсутнасць слядоў якой-колечы інфраструктуры, перш за ўсё, газавых труб, на будынках уздоўж магістральных вуліц Менска. Яшчэ больш уважлівы назіральнік, безумоўна, зафіксуе і тое, што да нефасаднай часткі дамоў, гэта значыць, нябачнай з магістраляў, камунальнікі ставяцца з значна меншым трымценнем, часцяком не абцяжарваючы сябе ні афарбоўкай, ні ліквідацыяй нейкіх дэфектаў у мурах, ні хаваннем газавых труб, хоць да іх у шмат якіх новых дамах дацягнуцца можа нават дзіця, пішуць «Беларускія навіны».

«Ну і што?» - выклікнуць шматлікія чытачы, як вядома, лепей хай трубы ідуць уздоўж муроў і мінімальна нявечаць кватэры. З такім сцвярджэннем нельга не пагадзіцца. На жаль, у шмат якіх старых дамах тэхналагічна гэта можна зрабіць толькі праклаўшы трубы па галоўным фасадзе будынка, што выходзіць на магістральную вуліцу. З такой сітуацыяй, у прыватнасці, сутыкнуліся жыхары чатырох аднапакаёвых кватэр дома № 5 на вуліцы Пуліхава, дзе ўвосень 2012 са спазненнем на сем гадоў нарэшце пачаўся доўгачаканы капітальны рамонт.

У часе гэтага рамонту камунальнікі запланавалі і замену газавых труб, раней размешчаных вельмі ў мудрагелістай (а дакладней, перакручанай) манеры, характэрнай для савецкай архітэктурнай школы: мабыць, каб не нявечыць муры дамоў, газавыя трубы былі пракладзены ўнутры пад'езда і маляўніча перасякалі ванны пакой і прыбіральню кватэр, размешчаных на першым паверсе, каб з іх кухняў потым ужо несці блакітнае паліва ў вышэйшыя паверхі.

Здавалася б, капітальны рамонт - гэта добрая нагода паказаць, што сучасная беларуская дзяржава, адрозна ад СССР, гэта сапраўды «дзяржава для народа», а не «для знадворнага выгляду муроў будынкаў». І збольшага савецкую мінуўшчыну перамагчы здолелі: у тых кватэрах, дзе была магчымасць правесці газавыя трубы знадворку, так і зрабілі.

Аднак чатыром аднапакаёвых кватэрах (агуоам у доме чатыры пад'езды) не пашанцавала: вокны іх кухняў выходзяць на магістральную вуліцу. «Магістральнасць» вуліцы Пуліхава, праўда, вельмі сумнеўная: самай прыкметнай часткай краявіду з'яўляюцца ржавыя коміны станкабудаўнічага завода імя Кірава. Але ж фасад...

І тут няшчасныя жыхары змаглі зазнаць увесь бацькоўскі клопат роднай дзяржавы. Бо фасад дамоў - гэта святое, таму, каб яго не нявечыць, трубы наважылі пусціць зноў праз кватэры жыхароў, але не па старым рэчышчы, а па-новаму - крышачы ўсё, што знаходзіцца на дарозе.

Натуральна, жыхары не захацелі жыць у кватэрах, што больш нагадваюць сваім выглядам бамбасховішчы. Не захацелі яны і разбураць сцены, шафы і антрэсолі, размешчаныя на новым шляху газавых труб да кухні. Тым больш што, насуперак патрабаванню пастановы Савета міністраў ад 27 студзеня 2009 года № 99 «Аб захадах рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг», выканаўчая арганізацыя не тое што не заўсёды аднаўляе аздабленне, але нават не заўсёды ўважае за патрэбнае заштукоўваць створаныя дзіркі і наогул хоць неяк ліквідоўваць наступствы рамонту.

Больш за тое, сур'ёзны сумнеў выклікае і бяспека праекта. Відавочна, што б ні рабіла УП«Мінгаз», рана ці позна жыхары адновяць у непасрэднай блізкасці ад труб разбураныя антрэсолі, скарыстаюць гэтыя трубы як больш-менш зручныя вешалкі, а то і турнікі, знойдуць ім іншае, не менш карыснае і небяспечнае ўжыванне ў побыце. Пашкоджанне трубы і выцек газу тады, мабыць, стануць толькі пытаннем часу. А што бывае ў такіх выпадках, вам могуць сказаць жыхары дома ў вёсцы Малінаўка Лагойскага раёна і дзевяціпавярховіка на вул. Пляханава ў Менску.

Жыхары спрабавалі заклікаць да сумлення адказных за рамонт чыноўнікаў і выканаўчай арганізацыі, але вынік быў прадказальным: просьба перагледзець праект была адрынутая («не трэба»), а непакорлівых гаспадароў аднапакаёвых кватэр сталі запалохваць судом, пагрозамі нічога больш у іх кватэрах не рабіць і ківамі на патрэбу кампэнсацыі ўжо выдаткаваных на іхныя кватэры сродкаў.

Асабліва цікавы афіцыйны адказ, які накіравала жыхарам УП «ЖРЭА Партызанскага раёна г.Менска», у якім адмова правесці трубы па фасадзе матывуецца спасылкай на «Будаўнічыя нормы Рэспублікі Беларусь: газазабеспячэнне. БНБ 4.03.01-98». Аднак нічога гэткага ў дакумэнце няма, у чым можа пераканацца кожны ахвотны.

Нічога такога не змяшчаюць і такія асноватворныя дакументы як указ прэзідэнта ад 2 чэрвеня 2006 года № 368 «Аб захадах рэгулявання дачыненняў пры газіфікацыі прыродным газам эксплуатаванага жыллёвага фонду грамадзян», закон ад 4 студзеня 2003 года № 176-З «Аб газазабеспячэнні» , пастанова Савета міністраў ад 18 лістапада 2007 года № 1539 «Аб зацвярджэнні правілаў карыстання газам у побыце».

Аднак там ёсць шэраг вельмі цікавых пунктаў, якія, калі жыхары звернуцца па дапамогу да пісьменнага юрыста, дазволяць ім атрымаць нелапыя кампэнсацыі з аматараў захоўваць недатыкальнасць фасадаў.

Ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць адзін пікантны момант: ні акта абследавання кватэр, ні дамовы аб правядзенні капрамонту, прадугледжаных пастановай Савета міністраў ад 27 студзеня 2009 года № 99 «Аб захадах рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг», у выканаўчай арганізацыі няма.

Рызыкнем памыліцца, але пры адсутнасці такіх дакументаў юрыдычна дзеянні рамонтнікаў, напэўна, можна тлумачыць як пранікненне ў кватэры ашуканскім шляхам (пад выглядам будаўнікоў) і прычыненне маёмаснай шкоды.

Між тым, шматлікія візіты газавікоў у працоўны час у кватэры прычыніліся да заканамернага і відавочнага (прынамсі, для праваахоўных органаў) выніку: адну з кватэр абрабавалі сярод белага дня. Можна спадзявацца, што адказ на пытанне пра асобу злодзея, які быў упэўнены, што жыхароў не будзе дома, у кватэры няма сабакі, а якія занятыя ў доме будаўнікі нечакана не апынуцца побач у момант абрабавання, будзе дадзены праваахоўнымі органамі найбліжэйшым часам.

У сувязі з гэтым хацелася б задаць адно-адзінае пытанне адказным чыноўнікам:

колькі канкрэтна - у рублях, далярах, еўра, інданэзійскіх рупіях або ўсякай іншай валюце - не даплацілі дзяржаве за паслугі ЖКГ жыхары чатырох кватэр у доме № 5 на вуліцы Пуліхава, што ім за гэта пагражаюць, спрабуюць прычыніць істотную маёмасную шкоду і ставяць іхныя жыцці пад небяспеку дзеля прыгожага «пацёмкінскага фасаду» будынка, які выходзіць на «магістральную» вуліцу Пуліхава?

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках