26 снежня 2024, Чацвер, 4:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Коммерсант»: Беларусь чакае дэфолт, змена ўрада... і прэзідэнта

185
«Коммерсант»: Беларусь чакае дэфолт, змена ўрада... і прэзідэнта

Беларускія ўлады знайшлі «адносна сумленны» спосаб адабрання грошай у насельніцтва.

Адразу пасля дэвальвацыі нацыянальнай валюты ў 2011 годзе Нацбанк падняў да нябёсаў стаўку рэфінансавання - і беларусы панеслі грошы ў банкі, а некаторыя дзеля «гарантаванага» даходу прадаюць кватэры.

Падзеі на Кіпры некалькі дзён былі галоўнай навіной у Беларусі. Ці будуць «стрыгчы» дэпазіты на далёкім еўрапейскім востраве, тут абмяркоўвалі з такім імпэтам, быццам гэта датычыцца кожнага менчука. Заўважце, алігархаў як такіх у гэтай краіне няма, а колькасць беларускіх карыстальнікаў кіпрскага афшора наўрад ці перавышае некалькі дзесяткаў. Цікавасць да Кіпра паўстала ў мясцовых жыхароў толькі таму, што краіна вось ужо паўтара года перажывае «дэпазітную ліхаманку»: банкі шчодра адорваюць укладчыкаў небывалымі адсоткавымі стаўкамі, а замбаванае насельніцтва актыўна дастае валютныя запасы, змяняе іх на «зайчыкі» і складае на дэпазіты ў нацыянальнай валюце. Усё гэта вельмі падобна на МММ або папросту на азартныя гульні: кожны ў Беларусі ведае, што зняць грошы з рахункаў трэба паспець да таго, як дзяржава ў чарговы раз правядзе дэвальвацыю або замарозіць выдачу ўкладаў.

Стаўкі дэпазітаў у мясцовых банках да канца мінулага года сталі галоўнай тэмай для гутарак на кухнях, у офісах і на вуліцах, а некаторыя нават прадалі кватэры: адсоткі ад грошай, якія ляжаць у банку, несувымерна вышэй даходаў ад арэнды. Так паступіла, напрыклад, менчанка Анжэла, якая прадала ў Менску за $60 тыс. сваю двухпакаёвую кватэру дзеля таго, каб пакласці іх на рахунак у банк. У беларускіх рублях. «Курс зараз стабільны, а ўклад дазваляе мне здымаць па 12 млн руб. ($1,4 тыс.) кожны месяц. За арэнду мне плацілі толькі $300», - цешыцца яна.

Анжэла, вядома, баіцца, што рана ці позна «халява скончыцца», бо, як паказвае практыка, дэвальвацыя ў Беларусі можа здарыцца ў адзін дзень, але «гульня вартая свеч», мяркуе яна. І дадае: «Кожны дзень сачу за навінамі. Пакуль не страшна: Бацька крэдытаў набраў, бюджэтныя арганізацыі пры грошах, курс стабільны. А там відаць будзе: ледзь што, адразу здыму ўклад і куплю назад кватэру».

Па парадзе Маўродзі

11 траўня 2011 года, адразу пасля першай хвалі беларускай дэвальвацыі, заснавальнік МММ Сяргей Маўродзі размясціў у інтэрнэце відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім прапанаваў таму выдаць яму карт-бланш і дазволіць выпусціць высакоспекулятыўныя дзяржаблігацыі «з нулявой надзейнасцю» па аналогіі з ДКА ў Расеі ў 1994 годзе. «Такім чынам можна хутка прыцягнуць велізарныя сродкі. За гэты кошт Беларусь зможа існаваць як мінімум тры гады. Гэта фора, перадышка, за гэты тэрмін можна шмат зрабіць», - разважаў знакаміты аферыст.

Лукашэнка на гэтую заяву ніяк не адрэагаваў, але ўжо ў верасні 2011-га стаўка рэфінансавання Нацбанка паднялася да 30% гадавых, а ў кастрычніку - да 35%. Ніжэй гэтай планкі яна не апускалася аж да канца мінулага года. У 2011 годзе, у разгар крызісу, стаўкі па дэпазітах даходзілі да 70%, па крэдытах - да 150%.

Па ацэнках урадавых экспертаў, у 2011 годзе «у панчохах» беларусы захоўвалі $12-14 млрд. У лютым 2012 года Нацбанк рапартаваў аб тым, што насельніцтва за першы месяц года прадало на $203,5 млн больш валюты, чым набыло, а месячны абарот наяўных грошай у краіне ўпаў у параўнанні са студзенем 2011-га на 8,4%. Пры гэтым аб'ёмы рублёвых дэпазітаў выраслі на 1 трлн 233 млрд ($142 млн).

«Насельніцтва стала актыўна несці наяўныя не ў крамы і не на куплю валюты, а на тэрміновыя рублёвыя ўклады, - дзівіцца Аляксандр Муха з даследчай групы BusinessForecast.by. - Больш за тое, насельніцтва нават здае валюту».

Дэдалярызацыя працягваецца. За люты 2013 года рублёвыя дэпазіты насельніцтва рэспублікі выраслі на 13,4% і склалі на 1 сакавіка 27,9 трлн руб. ($3,26 млрд). А валютныя дэпазіты фізічных асоб павялічыліся толькі на 0,1%, да $6,43 млрд.

За 2012 год рублёвыя дэпазіты насельніцтва і юрыдычных асоб у банкаўскай сістэме Беларусі прыраслі на 58% і на 1 студзеня 2013 года дасягнулі ў суме 54,3 трлн руб. Пры гэтым уклады насельніцтва ў нацыянальнай валюце павялічыліся на 75%.

Уклады насельніцтва ў Прыёрбанку (найбуйнейшы прыватны банк краіны, уваходзіць у групу Raiffeisen AG) у беларускіх рублях за 2012 год выраслі ў 2,3 разы, у валюце - на 26%. Цяпер яны складаюць 610 млрд руб. і €62 млн.

Увайшлі ў смак

Улады і банкі ўвайшлі ў смак і спыняцца не збіраюцца. Нацбанк Беларусі на днях рапартаваў, што сярэдняя па краіне стаўка па дэпазітах у беларускіх рублях для фізічных асоб за апошнія тры месяцы 2012 года павялічылася на 13,6% і дасягнула 42,6% гадавых. Для параўнання: яшчэ ў верасні 2012-га яна складала 31,6%.

Белаграпрамбанк сёння прапаноўвае размясціць рублёвыя ўклады на 370 дзён пад 41% гадавых, Трастбанк - на тры гады пад 38,5% (стаўка рэфінансавання плюс 10%), Белгазпрамбанк на тых жа ўмовах гатовы заняць грошы ў насельніцтва на два гады, Цэптэр-банк - на 30 дзён.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка кажа, што сёння ў краіне можна штомесяц зарабляць да 5% на суме ўкладу. «У гэтыя гульні ўжо гуляюць і прафесара», хоць прагназаваць сітуацыю на рынку дэпазітаў, па яго словах, «не возьмецца ні адзін сур'ёзны аналітык».

Супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра Зміцер Крук лічыць гэта «гульнёй у рулетку», якая ўзнікла з-за «недасканаласці манетарнай палітыкі і на фоне атрыманых у спадчыну праблем валютнага крызісу 2011 года».

Стаўкі па крэдытах у краіне проста вар'яцкія. Еўрагандальінвестбанк прапануе 15-месячны крэдыт пад 77% гадавых, Інтэрпэйбанк бярэ грошы на тэрмін да 12 месяцаў пад 119%. Трастбанк гатовы крэдытаваць насельніцтва ў рублях пад 67% гадавых.

Крэдытныя арганізацыі сталі прапаноўваць у пазыку пад адсоткі і невялікія сумы. Пазычыць у падобных кантор $100-200 «да зарплаты» можна пад 1000% гадавых. Выдача такой пазыкі займае ў Менску 20 хвілін, ад атрымальніка мікракрэдыту патрабуецца толькі пашпарт. Попыт, распавядаюць кансультанты, велізарны: у сталічных супермаркетах адзін пункт можа выдаць да 20 такіх крэдытаў у дзень.

Беларусы падзяліліся на два лагеры. Адны перакананыя, што трэба зарабляць на ўкладах, пакуль ёсць такая магчымасць, іншыя з нецярпеннем чакаюць, калі гэтая піраміда абрынецца. «Гуляць у азартныя гульні з дзяржавай вельмі па-дурному. Але дурняў развялося вельмі шмат», - разважае 35-гадовы менскі менеджэр Алег Варапаеў. Сам ён узяў крэдыт на машыну. Вялікія адсоткі не бянтэжаць: «Улетку дэвальвацыя з'есць усе адсоткі - і я буду плаціць капейкі. На мне так ужо было два крэдыты ў перыяды мінулых крызісаў».

Калега Варапаева Антон, наадварот, лічыць вар'ятам яго: «Пад такія адсоткі крэдыты бяруць самазабойцы. Ніякай дэвальвацыі не будзе. Курс стаіць намёртва».

Падчас дэвальвацыі «зайчыка» ў 2011 годзе беларусы страцілі на укладах каля $1 млрд. Калі сітуацыя паўторыцца, то страты будуць у разы больш. «Страшна падумаць, колькі самагубстваў можа быць у гэтым годзе. Людзі ж рэальна кватэры прадаюць, кідаюць працу. Ці жарт: нічога не робячы, некаторыя зарабляюць на дэпазітах па $2 тыс. у месяц. Навошта працаваць? Я асабіста такіх ведаю. Але дзяржава абавязкова іх згвалціць і пакіне гніць на абочыне», - кажа Вадзім, гандляр абуткам на менскім рынку «Ждановічы».

Чырвонае ці чорнае?

Аналітыкі з FOREX MMCIS group мяркуюць, што галоўнай прычынай павышэння ставак па дэпазітах стаў недахоп ліквіднасці. Эксперты асцерагаюцца, што занадта высокія стаўкі могуць прывесці да ўтварэння дэпазітнай бурбалкі.

Падобна на тое, разумеюць гэта і ў Нацбанку. У сакавіку стаўку рэфінансавання панізілі да 28,5%, а кіраўнік рэгулятара Надзея Ермакова заявіла, што да канца 2013-га яна апусціцца да 13-15% гадавых. Сэнсу ўтрымліваць яе на такім высокім узроўні няма: заначкі насельніцтва ўжо закруціліся ў банках. Іншая справа, што перад зніжэннем ставак было б разумна загнаць у «прыстойныя» рамкі ўзровень інфляцыі. Экс-кіраўнік Нацбанка РБ Станіслаў Багданкевіч кажа, што ў 2013 годзе інфляцыя цалкам можа скласціся на ўзроўні 20%, а таму апускаць стаўку рэфінансавання пакуль рана.

З іншага боку, у гэтым годзе Лукашэнка можа прадаць Расеі «Нафтан» (адзін з двух НПЗ, якія працуюць у краіне), а віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка заявіў, што ўлады могуць прадаць частку «Беларуськалія» інвестарам з Сінгапура. Калі распродаж флагманаў беларускай эканомікі адбудзецца, то маюць рацыю, хутчэй за ўсё, тыя, хто спадзяецца на стабільны курс беларускай валюты. Калі ж прыватызацыю адкладуць, новай дэвальвацыі не пазбегнуць.

Пра гэта, дарэчы, нядаўна заявіў і кіраўнік Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка. Паводле яго слоў, шанец паўтарэння сітуацыі, якая назіралася ў Беларусі ў 2011 годзе, - «50 на 50". «У апошні час разгарнулася дыскусія і ў прэсе, і паміж рэгулятарамі, і на самым высокім узроўні, ці не пара нам стымуляваць развіццё, у тым ліку зніжаючы адсоткавыя стаўкі, ці не пара нам зноў «адабраць і падзяліць», - разважаў ён. І дадаваў: «Я даю вельмі асцярожны прагноз. Калі пераможа рацыянальнае звяно, гэта значыць меры па стымуляванні будуць жорстка прывязаныя да мэтаў эфектыўнасці, адносная стабільнасць захаваецца. Калі гэтая тэндэнцыя будзе ўзмацняцца, калі зноў возьмуць верх тэндэнцыі 2010-2011 гадоў з аднаўленнем прынцыпу, што танныя грошы павінны стаць інструментам развіцця, то нічога добрага ў гэтым няма».

Пакуль сітуацыя застаецца стабільнай: беларускія ўлады ўзялі чарговы крэдыт у Расеі на $2 млрд. Ніхто не хавае, што грошы пойдуць на рэструктурызацыю ранейшых пазык. Але, пакуль у Менску нешта накшталт кансенсусу, падстаў для панікі няма.

Браты па рублю

Расейцы, падобна, ад гульні ў «беларускую рулетку» ўстрымаліся. Хоць маглі б і паўдзельнічаць: мяжы няма, валютнага кантролю няма, абмежаванняў на канвертаванне, увоз-вываз грошай няма. Каб адкрыць дэпазіт у Беларусі, расеец павінен проста прыйсці з пашпартам у банк. Праўда, банкаўскі дэпазіт не зусім зручны ў тым плане, што для здзяйснення расходных аперацый у большасці выпадкаў неабходна наведваць аддзяленне беларускага банка.

Статыстыка Нацбанка, праўда, паказвае на тое, што ў мінулым годзе назіраўся скачок астаткаў на рахунках нерэзідэнтаў. Гэта можна расцэньваць як ускоснае ўказанне на тое, што расейскія банкі ўсё ж размяшчалі частку сваёй ліквіднасці на беларускім рынку. Але ў сілу яго невялікасці сур'ёзна зарабіць на гэтых аперацыях наўрад ці маглі.

А самае галоўнае - рызыкі. Для расейца, асабліва фінансава пісьменнага, цяперашняя сітуацыя ў Беларусі - напамін пра 1998 год. Назіраецца дакладна такая ж камбінацыя макраэканамічных фактараў: дэфіцытны бюджэт, слабы бягучы рахунак плацёжнага балансу, высокая інфляцыя, фіксаваны курс, завоблачныя адсоткавыя стаўкі.

Пятнаццаць гадоў таму ў Расеі гэта скончылася дэфолтам па дзяржпазыке, банкруцтвам банкаў, кратным падзеннем курсу рубля, зменай урада, а крыху пазней і прэзідэнта. Нешта падобнае, відавочна, чакае і Беларусь. З той толькі розніцай, што рэжым Лукашэнкі - хоць і тэарэтычна - можа разлічваць на дапамогу Крамля. На тое, што авантуры ў галіне эканамічнай палітыкі будуць аплочаныя не толькі даверлівымі ўкладчыкамі беларускіх банкаў, але і расейскімі падаткаплацельшчыкамі.

Максім Швейц, «КоммерсантЪ»

Напісаць каментар 185

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках