Эканомікі краін МС - у стагнацыі
13- 17.05.2013, 11:26
У Мытным саюзе будзе афіцыйна абвешчаная стагнацыя.
Кіраўнікі ўрадаў краін МС (Беларусі, Расеі і Казахстана) на запланаваным ў канцы траўня саміце паднясуць сваім чыноўнікам раскошны падарунак у выглядзе магчымасці афіцыйна спісаць свае эканамічныя пралікі і нявыкананыя паказчыкі на сітуацыю ў сусветнай эканоміцы, піша АФН.
Больш за тое, як вынікае з праекта дакумента «Аб асноўных арыенцірах макраэканамічнай палітыкі дзяржаў - членаў Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы на 2013-2014 гады», які будзе падпісаны на згаданым саміце, бліжэйшыя паўтара года ў Мытным саюзе будуць дэ-факта афіцыйна абвешчаныя перыядам стагнацыі.
«На 2013 год прагназуецца захаванне слабога росту сусветнай эканомікі. Важным негатыўным аспектам, які ўплывае на ўстойлівае развіццё дзяржаў-членаў, з'яўляецца запаволенне тэмпаў росту эканомік асноўных гандлёвых партнёраў - краін Еўрапейскага звяза, а таксама Кітая і ЗША. Рызыка стагнацыі ў глабальнай эканоміцы спараджае скарачэнне попыту і ўзмацненне жорсткасці канкурэнцыі на рынках збыту асноўных экспартных тавараў дзяржаў-членаў. Павелічэнне прапановы газавага паліва і развіццё новых тэхналогій яго здабычы і вытворчасці могуць прыводзіць да змены канфігурацыі сыравінных рынкаў. Названыя фактары ў сукупнасці ствараюць рызыкі стагнацыі экспарту тавараў дзяржаў-членаў, зніжэння даходаў экспарцёраў і, адпаведна, рэсурсаў, якія накіроўваюцца на развіццё эканомікі», - гаворыцца ў дакуменце.
На думку або перакананне аўтараў дакумента, Расея і Казахстан змогуць справіцца з наступствамі стагнацыі, у прыватнасці з падзеннем сусветных коштаў на энерганосьбіты, у той час як Беларусі прыйдзецца вельмі туга.
«Назапашаныя фінансавыя рэзервы ў Рэспубліцы Казахстан і Расейскай Федэрацыі дазваляюць змякчыць негатыўнае ўздзеянне на эканоміку ад падзення коштаў на энерганосьбіты, але не даюць магчымасць поўнасцю нівеліраваць рызыку макраэканамічнай нестабільнасці. Дадзеная рызыка ў Расейскай Федэрацыі аказвае, у сваю чаргу, вялікі ўплыў на перспектывы ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь з прычыны цесных эканамічных сувязяў паміж гэтымі дзяржавамі», - канстатуецца ў дакуменце.
Сітуацыя пагаршаецца ўнутранымі, у прыватнасці для Беларусі, абмежаваннямі росту эканомікі.
«Да такіх абмежаванняў адносяцца, у прыватнасці, невысокая прадукцыйнасць працы, нізкая канкурэнтаздольнасць выпусканай прадукцыі, недастатковае развіццё фінансавага сектара і выкарыстанне ўнутраных крыніц інвестыцый, якія не адказваюць патрэбнасцям эканомік, неразвітая геаграфічная структура экспарту, высокі фізічны і маральны знос інфраструктуры і асноўных фондаў, слабое выкарыстанне транспартнага патэнцыялу, а таксама недастатковы ўзровень канкурэнцыі. Захаванне названых абмежаванняў не дазволіць у сярэднетэрміновай перспектыве забяспечыць макраэканамічную ўстойлівасць і высокія тэмпы эканамічнага росту», - падкрэсліваецца ў дакуменце.
Таксама, падпісаўшы гэты дакумент, кіраўнікі ўрадаў трох краін прызнаюць, што дадатковыя магчымасці для эканомік трох краін, якія ствараюцца фармаваннем МС і АЭП, пакуль рэалізуюцца ў недастатковай ступені.