Сямашка правёў закрытыя перамовы на КамАЗе
31- 17.05.2013, 11:47
Беларуская дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам правяла перамовы з расейскім КамАЗам.
Як паведамляе прэс-служба КамАЗа, у склад беларускай дэлегацыі ўваходзілі міністр прамысловасці Зміцер Кацярыніч, генеральны дырэктар ААТ «МАЗ» Віктар Асноўскі, першы намеснік старшыні Дзяржкамітэта па маёмасці Сяргей Пяткоў.
Сустракалі дэлегацыю, якая прыбыла 16 траўня ў Набярэжныя Чалны, гендырэктар КамАЗа Сяргей Кагогін, дырэктар па развіцці Ірэк Гумераў, намеснік гендырэктара па закупках Рустам Шамсутдзінаў. З расейскага боку ў перамовах таксама ўдзельнічалі віцэ-прэм'ер Татарстана Равіль Зарыпаў і прадстаўнік Мінпрамганлдлю РФ Рэнат Мілкаманавічус.
Паведамляецца, што прадстаўнікі Беларусі наведалі завод рухавікоў і расейска-амерыканскае прадпрыемства «Камінз Кама», азнаёмілася з лініяй апрацоўкі блока цыліндраў. Затым госці агледзелі канвеер зборкі дызельных рухавікоў. На кавальскім заводзе дэлегацыя агледзела лініі апрацоўкі каленчатага вала і пярэдняй восі. Адбылася экскурсія па галоўным канвееры КамАЗа, наведванне Навукова-тэхнічнага цэнтра кампаніі, дзе быў выстаўлены ўвесь мадэльны шэраг камскіх велікагрузаў.
Перамовы вяліся ў закрытым рэжыме. Вядома толькі, што гаворка на іх ішла пра магчымае аб'яднанне двух гігантаў аўтапрама.
Нагадаем, падчас апошняга выступлення з пасланнем да народа і «парламента» Лукашэнка заявіў, што сумняваецца ў мэтазгоднасці зліцця беларускага МАЗа і расейскага КамАЗа.
«Цягнецца балбатня з нагоды прыватызацыі МАЗа і КамАЗа. Прыходзьце з прапановамі і атрымаеце поўную падтрымку. Прыходзяць людзі, я ў іх пытаюся: што мы атрымаем ад гэтага аб'яднання, акцыянавання, а яшчэ і перадай акцыі за бесцань? Рынкі ў нас ёсць, прадукцыя ёсць, у нас не горш МАЗы, чым КамАЗы», - адзначыў ён.