27 снежня 2024, Пятніца, 11:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Галко: У камеры турмы на Акрэсціна былі вошы

4
Дзмітрый Галко: У камеры турмы на Акрэсціна былі вошы

Журналіст мяркуе, што яго арыштавалі за артыкулы пра затрыманні на «Чарнобыльскім Шляху».

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў Дзмітрый Галко пасля 10 дзён арышту ў турме на Акрэсціна.

«Шмат у каго з палітызаванай часткі грамадства склалася такое стаўленне да арыштаў, што гэта быццам бы нармальна, што гэта руціна. Маўляў, паглядзіце, Статкевіча прысудзілі да шасці, а Аліневіча да васьмі гадоў зняволення, а тут усяго толькі 10 дзён. Гэта нахабнае беззаконне, па сутнасці - злачынства. І не важна, што я адседзеў усяго толькі 10 дзён. Пакуль мы будзем прызнаваць гэта за норму, гэта будзе доўжыцца бясконца. Дараваць гэтага нельга», - упэўнены журналіст.

Ён адзначыў, што прасядзеў апошнія чатыры дні ў так званым «двайніку».

«Гэта камера на двух чалавек пяць крокаў у даўжыню і два з паловай у шырыню. Наогул за ўвесь час я быў у трох камерах. Мы сутыкнуліся з праблемай вошай, якія былі занесеныя бамжом. Пасля скаргі ён быў кудысьці пераведзены, але пасля яго застаўся матрац, які і стаўся рассаднікам. Наогул адміністрацыя турмы пра гэта не турбуецца і не праводзіць агляду і санітарнай апрацоўкі людзей і памяшканняў», - упэўнены блогер.

Дзмітрый Галко падкрэсліў, што спецназаўцы пацвердзілі наводку на яго.

«Мяне арыштавалі мэтанакіравана. Здавалася б, я журналіст, які сэнс мяне саджаць? Справа ў тым, што я напісаў артыкул аб брутальным затрыманні і судзе над Ігарам Трухановічам, а таксама пра жанчыну, якая разбіла міліцыянту галаву вядром пасля «Чарнобыльскага Шляху». Іншых прычын я не знаходжу. У сваю чаргу, Аляксандр Ярашэвіч проста патрапіў пад гарачую руку, таму што ў адваротным выпадку ён быў бы сведкам на маім судзе. А паколькі ён атрымаў арышт пасля акцыі, то ўважаўся за «рэцыдывіста» і яму далі ўжо 12 дзён, а не 10», - падсумаваў журналіст.

Нагадаем, супрацоўнікі міліцыі затрымалі Ярашэвіча і Галко ўвечары 6 траўня на падыходзе да станцыі метро, калі тыя вярталіся з вуліцы Акрэсціна, дзе сустракалі асуджаных удзельнікаў акцыі «Чарнобыльскі Шлях», якія выйшлі на волю. Журналісты былі затрыманыя без тлумачэння прычын і дастаўленыя ў Маскоўскае РУУС Менска. У дачыненні да іх былі складзеныя пратаколы паводле артыкуле 23.4 КоАП, журналісты правялі ноч у РУУС.

Аляксандр Ярашэвіч быў асуджаны на 12 дзён, а Зміцер Галко да 10 дзён адміністрацыйнага арышту з надуманых абвінавачванняў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках