15 лiстапада 2024, Пятніца, 6:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фантастычныя планы Пракаповіча: 85% усіх прадуктаў - на экспарт

81
Фантастычныя планы Пракаповіча: 85% усіх прадуктаў - на экспарт

Намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пракаповіч агучыў планы ўлад экспартаваць 85% усёй беларускай прадукцыі.

І гэта пры тым, што ў гэтым годзе экспарт скараціўся ў 4 разы. Паводле звестак Белстата, у гэтым годзе Беларусь за студзень-сакавік прадала сваіх тавараў больш, чым імпартавала, на $ 426,4 млн. У мінулым годзе гэтая лічба дасягала $ 1 млрд 728,5 млн.

Нягледзячы на такія звесткі статыстыкі, Пётр Пракаповіч ставіць фантастычныя задачы - экспартаваць 80-85% усёй прадукцыі, што вырабляецца ў краіне. І стане гэта магчымым нібыта дзякуючы распачатай мадэрнізацыі 5 тысяч прадпрыемстваў, што падвысіць канкурэнтаздольнасць іх прадукцыі, паведамляе «Белсат».

«Пётр Пракаповіч - не эканаміст і ніколі ім не быў, ён - дзяржаўны чыноўнік, таму выкладае адміністрацыйна-бюракратычнае бачанне перспектыў, - перакананы Леанід Заіка, эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія». - Пётр Пятровіч можа там нешта казаць, але што ён можа адзін зрабіць супраць велізарнай расейскай эканомікі, сусветнай эканомікі... Цяпер мы ўвайшлі ў мытную прастору і пачынаюцца першыя такія дэфрагментацыі. У мытнай прасторы працуюць законы агульнага рынку. Не нашыя намеры, ні Мясніковіча або Пракаповіча, а тое, што адбываецца ў гэтай прасторы. Прадукцыя, якая вырабляецца ў Расеі і Казахстане, можа разбураць тыя ці іншыя сэгменты рынку. Якія б мы не прыдумлялі інвестыцыі ў нейкія, на наш погляд, патрэбныя рэчы, працэс ужо ідзе іншым чынам. Гэта - канкурэнцыя, калі вытворцы ў суседніх краінах могуць цалкам звесці на нішто ўсе нашы намаганні ў мадэрнізацыі прадпрыемстваў... »

Як прыклад Леанід Заіка падае беларускія тэлевізары. Раней 40% тэлевізараў у кватэрах беларусаў былі айчыннай вытворчасці, цяпер толькі 20. У сэгменце тэлевізараў Беларусь ужо канкураваць не можа, адзначае эканаміст.

Са слоў Леаніда Заікі, Беларусь губляе расейскі рынак у аўтатэхніцы, бройлерах, свініне. Больш за тое, у мінулым годзе імпарт свініны з Расеі вырас удвая.

«Цяпер пачынаюць мяняцца прапорцыі, змяняюцца сэгменты рынку, і задача нумар адзін - адсочваць менавіта гэта, а не ўкідваць грошы невядома куды. Кідалі мы грошы ў тэлевізары, а цяпер нашая галіна тэлевізараў абрынулася. І такіх прыкладаў шмат, практычна гэта ўся эканоміка Беларусі. У такіх умовах я зусім не выключаю, што наступіць момант, калі мы будзем смажыць польскае мяса, якое ўвязуць праз Расею», - мяркуе Леанід Заіка.

Чыноўнікі мараць аб павелічэнні экспарту на 85%, але пакуль 75% вырабленай прадукцыі за месяц, ідзе не за мяжу, а на склады.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках