Чэрыкаўскіх настаўнікаў прымусілі чысціць кароўнікі
59- 18.05.2013, 12:21
За адмову ад удзелу ў суботніку работнікам школы і садка аграгарадка Верамейкі пагражалі праблемамі на працы.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў чытач.
Старшыня Чэрыкаўскага райвыканкама Кадаценка Мікалай Міхайлавіч і ягоныя падначаленыя як хочуць, так і здзекуюцца з людзей. У пятніцу 17 траўня кіраўнік Верамейскага сельскага савета Іванькоў Віктар Пятровіч наважыў правесці пасля працы пазапланавы суботнік. Работнікаў садка і школы настойліва папрасілі пафарбаваць плот, які бюджэтнікі раней фарбавалі два суботнікі запар. У адваротным выпадку кіўнулі на невялікія праблемы, якія могуць «выпадкова» паўстаць на працы. Але гэта яшчэ нічога, бо іншым работнікам даводзіцца выязджаць на чыстку кароўнікаў. Вось такі ў нас «квітнеючы» раён. Толькі ў ім загінаецца астатняя свінагадоўчая вытворчасць.
Рэдакцыя сайта charter97.org звязалася са старшынём Верамейскага сельсавета.
«Так, суботнік учора праводзіўся. Некалькі работнікаў садка і школы пасля працы цягам двух гадзін займаліся афарбоўкай плота, але ўсё адбывалася выключна добраахвотна», - заявіў чыноўнік.
Нагадаем, бясплатная праца, «добраахвотныя» суботнікі і паборы ў Беларусі ўжо даўно сталі нормай.