ДАІ адкрыла агонь па зуху на «Жыгулях»
26- 18.05.2013, 13:45
У Астравецкім раёне зуха спынілі з дапамогай зброі і службовай сабакі.
Як паведамляе УДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкама, вясковец на «Жыгулях» у вёсцы Варняны не выканаў пададзенае супрацоўнікам ДАІ з дапамогай жазла патрабаванне аб прыпынку, у апошні момант імкліва павялічыўшы хуткасць. Ён таксама праігнараваў сірэну і пробліскавыя маячкі і, хаваючыся, ледзь не збіў дзяўчынку на ровары.
За населеным пунктам участковы інспектар міліцыі пасля папераджальнага стрэлу ў паветра адкрыў агонь па колах. Кіроўца «Жыгулёў» збочыў у рапсавае поле, кінуў аўтамабіль і схаваўся.
Затрымаць яго дапамагла службова-вышуковая сабака памежнай службы, да вайсковаслужачых якой звярнуліся супрацоўнікі міліцыі.
Высветлілася, што зух не меў пасведчання на кіраванне транспартным сродкам, адсутнічалі страхоўка і тэхагляд. Усяго на яго склалі восем пратаколаў.
З пачатку тыдня яго затрымалі праз парушэнні за стырном другім разам.
Нагадаем, супрацоўнікі ДАІ ў Беларусі нярэдка ўжываюць зброю падчас пагоняў за парушальнікамі.