15 лiстапада 2024, Пятніца, 0:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масква прыспешвае Менск з продажам НПЗ

152
Масква прыспешвае Менск з продажам НПЗ

Прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў стала галоўнай тэмай перамоваў Мядзведзева і Мясніковіча ў Маскве.

На дадзены момант у рамках так званай «саюзнай дзяржавы» разглядаецца прыватызацыя «Інтэграла», «Гродна-Азота», «Пеленга», МАЗа і Менскага завода колавых цягачоў. Перамовы адносна гэтых прадпрыемстваў праходзяць ужо на працягу двух гадоў. Да гэтага часу нават не агучана, на якіх умовах Менск гатовы саступіць іх Расеі, перадае тэлеканал «Белсат».

Па словах палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, Лукашэнка гатовы перадаць у расейскія рукі гэтыя прадпрыемствы за пэўны кошт. Аднак у Маскве часцяком пануе іншае разуменне таго, колькі каштуе беларускае «сямейнае срэбра». Таму спрэчкі паміж уладамі Беларусі і Расеі працягваюцца.

«Гэты візіт Міхаіла Мясніковіча - толькі чарговы этап у гэтым гандлі. Ні Мядзведзеў, ні Мясніковіч нічога не вырашаюць. Лукашэнка паслаў яго ў разведку. Хацеў бы нагадаць асаблівасць структуры беларускага ўрада: там існуе тандэм Мясніковіч-Пракаповіч. Яны не валодаюць паўнамоцтвамі для таго, каб нешта вырашаць. Мы ўсе сабе мяркуем, а Лукашэнка вырашае», - адзначае спецыяліст.

Тым часам на сустрэчы з журналістамі Мясніковіч пасля размовы з прэм'ерам Расеі выказаў надзею, што ў хуткім часе прыватызацыйныя працэсы паскорацца, на што Дзмітрый Мядзведзеў парыраваў: «я лічу, што ўжо трэба ставіць кропку». Якаўлеўскі мяркуе, што Пуцін не будзе бясконца чакаць заканчэння продажу і словы Мядзведзева - злавесны намёк на заканчэнне прыватызацыі. Пытанне толькі ў тым, якім чынам яе скончаць.

«У Лукашэнкі - адзін часовы графік, а ў Пуціна - іншы. Час ідзе, і працэс інтэграцыі, а, хутчэй, экспансіі расейскага капіталу ў Беларусь узмацняецца. Бясконца гэта не можа працягвацца. У першую чаргу, Крэмль імкнецца выкупіць нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку. Гэтыя жамчужыны беларускай эканомікі, безумоўна, з'яўляюцца галоўнымі мэтамі расейскага капіталу», - упэўнены Раман Якаўлеўскі.

Палітычны аглядальнік лічыць, што «кропка», пра якую казаў Мядзведзеў на сустрэчы з Мясніковічам, будзе пастаўленая ў бліжэйшы час.

«Кропку павінен паставіць Пуцін. Калі гэта адбудзецца? У канцы гэтага месяца запланаваны нефармальны саміт АДКБ. Магчыма нешта будзе там. Я думаю, што можа паўтарыцца сітуацыя ў Сочы. У якім выглядзе - нам пакуль невядома. Але менавіта гэтыя два чалавекі - Лукашэнка і Пуцін - рэальна могуць нешта вырашыць», - лічыць палітычны аглядальнік.

Раман Якаўлеўскі звярнуў увагу на візіты расейскіх алігархаў у Менск, якія адбыліся напярэдадні паездкі Мясніковіча ў Маскву. Асабліва ён падкрэсліў важнасць перамоваў з Ігарам Сечыным. Палітычны аглядальнік адзначыў, што інструменты, якімі Расея будзе дамагацца прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, застаюцца ранейшымі - нафта і крэдыты.

Нагадаем, учора ў Маскве адбыліся перамовы прэм'ер-міністраў дзвюх краін. Раней першы віцэ-прэм'ер урада Беларусі Уладзімір Сямашка, вярнуўшыся з Масквы, паведаміў, што беларускі і расейскі бакі актыўна працуюць над рэалізацыяй пяці інтэграцыйных праектаў.

«Што тычыцца «Інтэграла», «Гродна Азот», «Пеленг» - усё рухаецца, створаныя рабочыя групы. Па МАЗе-КамАЗе мы дамаўляемся, па МЗКЦ ёсць розныя варыянты», - сказаў тады Сямашка журналістам.

Ён нагадаў, што ў канцы 2012 года Лукашэнка і Пуцін дамовіліся аб рэалізацыі інтэграцыйных праектаў у рамках «саюзнай дзяржавы». Першапачаткова абмяркоўвалася 8-9 праектаў, пазней пералік быў скарочаны да пяці.

«Момант ісціны - гэта стварэнне холдынгавых структур. Магчыма, продаж пакета акцый - кантрольнага або блок-пакета, гэта яшчэ не вырашана», - сказаў Сямашка.

Напісаць каментар 152

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках