На Еўранэст у Брусэль запрасілі толькі беларускую апазіцыю
21- 27.05.2013, 9:53
- 26,443
Прадстаўнікі шасці партый і рухаў будуць прысутнічаць на Парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» ў Бруселі.
У сталіцу Еўразвяза ў якасці назіральнікаў адправіліся дэлегаты ад Партыі БНФ, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, партыі «Справядлівы свет», руху «За Свабоду», грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» і аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», піша «Наша Нiва».
Як паведаміў Аляксей Янукевіч, беларуская дэлегацыя едзе з адным пасланнем: «Паўнавартасны, паўнафарматны дыялог можа быць толькі пасля вызвалення палітвязняў і аднаўлення іх у палітычных і грамадзянскіх правах».
У Брусэлі адбудзецца сустрэча беларусаў з віцэ-прэзыдэнтам Еўрапаламента Яцэкам Пратасевічам.
Беларусь застаецца адзінай з краін-удзельніц Еўранеста, якая не прадстаўленая ў ім дэпутатамі нацыянальнага парламента. У «нацыянальным сходзе» Беларусі няма апазіцыі, усе дэпутаты ўяўляюць сабой групу падтрымкі Лукашэнкі. Ні адны выбары ў Беларусі з 1995 года не былі прызнаныя свабоднымі і справядлівымі. Таму беларускіх дэпутатаў і не хочуць запрашаць у Еўранэст.
Пры гэтым ведамства Уладзіміра Макея ўпарта супрацівілася ўдзелу ў пасяджэнні Еўранэста апазіцыі. І тое, што Еўразвяз прыняў прынцыповае рашэнне і даслаў запрашэнне менавіта апанентам беларускай улады, можна лічыць важным сігналам.
Як чакаецца, на адным з пасяджэнняў Еўранэста выступіць галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна.