Януковіч гатовы аддаць газаправоды Расеі
47- 27.05.2013, 10:56
- 21,988
Украінскія СМІ паведамілі пра гатоўнасць прэзідэнта Віктара Януковіча перадаць кантроль над газаправодамі РФ.
Улады Украіны гатовыя саступіць Расеі кантроль над магістральнымі газаправодамі ў абмен на зніжэнне коштаў на газ, паведамляе газета «Коммерсантъ-Украина» са спасылкай на крыніцу, блізкую да перамоваў паміж прэзідэнтамі Расеі і Украіны Уладзімірам Пуціным і Віктарам Януковічам, якія прайшлі на выходных у Сочы.
Па дадзеных крыніцы выдання ў Мінэнерга, гаворка ідзе пра стварэнне кансорцыўма па кіраванні ўкраінскай газатранспартнай сістэмай. У ім, як мяркуецца, «Газпрам» стане ключавым удзельнікам. Пры гэтым суразмоўцы газеты адзначаюць, што расейская манаполія атрымае толькі магістральныя газаправоды, а размеркавальныя (ад газавых станцый да канчатковых спажыўцоў) пяройдуць групе ВЕТЭК бізнесмена Сяргея Курчанкі.
Расея, Украіна і Еўрапейскі Звяз абмяркоўваюць лёс магістральных газаправодаў на Украіне ўжо некалькі гадоў. Украінская ГТС мае патрэбу ў мадэрнізацыі, з якой Кіеў самастойна справіцца не можа. «Газпрам» неаднаразова заяўляў, што гатовы паўдзельнічаць у мадэрнізацыі, аднак на Украіне не гатовыя аддаваць яму кантроль над газаправодамі, якія прыносяць у бюджэт краіны значныя сродкі: яны з'яўляюцца асноўным экспартным каналам у Еўропу «Газпрама», і Украіна атрымлівае грошы за транзіт паліва.
«Газпрам» за апошнія гады распачаў некалькі крокаў для таго, каб знізіць залежнасць ад паставак праз Украіну. У прыватнасці, ён запусціў «Паўночны паток», пачаў будаваць «Паўднёвы паток», а таксама прапрацоўвае планы па павелічэнні паставак праз Беларусь з дапамогай другой ніткі газаправода Ямал-Еўропа.
У пачатку сакавіка бягучага года Януковіч заяўляў, што калі расейскі бок хоча ўдзельнічаць у кансорцыуме па кіраванні ўкраінскай ГТС, яна павінна гарантаваць пэўныя аб'ёмы транзіту газу ў Еўропу праз тэрыторыю Украіны. У канцы красавіка расейскі амбасадар на Украіне Міхаіл Зурабаў заявіў, што Расея гарантуе транзіт 60 мільярдаў кубаметраў газу ў год праз украінскую тэрыторыю, калі Кіеў створыць двухбаковы кансорцыўм па кіраванні сваёй ГТС. Зурабаў таксама адзначыў, што стварэнне трохбаковага кансорцыўма, у якім прыме ўдзел і ЕЗ, расейскаму боку ўяўляецца сумніўным, так як Еўразвяз не гарантуе аб'ёмы спажывання паліва.
Нагадаем, у сакавіку «Газпрам» паабяцаў Кіеву зніжку па кошце на газ заднім чыслом, калі Вярхоўная Рада да 1 чэрвеня прыме папраўкі ў заканадаўства, якія дазваляюць арэнду ўкраінскай ГТС. Цяпер законам забаронена перадаваць ГТС у арэнду, канцэсію ці лізінг.
Таксама адзначым, што з лістапада 2012 года Украіна пачала імпарт прыроднага газу з Германіі праз тэрыторыю Польшчы, з красавіка 2013 года пачаліся пастаўкі з боку Венгрыі, а з траўня са Славакіі. Усяго ўкраінскі бок спадзяецца атрымліваць у год да 7 млрд кубаметраў газу з Еўропы.