Павел Усаў: Пуцін спытае з Лукашэнкі за праедзеныя крэдыты
40- 27.05.2013, 13:09
- 57,887
На сустрэчы ў Астане беларускі кіраўнік будзе пастаўлены ў вельмі непрыемнае і нязручнае становішча.
Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў палітолаг Павел Усаў, каментуючы адсутнасць Лукашэнкі на саміце АДКБ у Бішкеку, а таксама сустрэчу беларускага дыктатара з Пуціным, Назарбаевым і Януковічам у Астане 28-29 траўня.
«Адсутнасць Лукашэнкі на саміце ў Бішкеку тлумачыцца сітуацыяй з Бакіевым, які атрымаў беларускае грамадзянства і знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Кыргызстан патрабуе яго неадкладнай выдачы, а беларускі кіраўнік адмаўляецца. На сённяшні дзень у рамках СНД вядзецца палітычная вайна паміж Беларуссю і Кыргызстанам. І пакуль гэтае пытанне не будзе вырашана, вельмі цяжка казаць пра эфектыўнасць праекта АДКБ і перспектывы еўразійскай інтэграцыі», - адзначыў палітолаг.
Ён лічыць, што на сустрэчы ў Астане, перш за ўсё, будзе разглядацца пытанне далейшай інтэграцыі.
«На сённяшні дзень Расея вельмі зацікаўленая ў інтэнсіфікацыі гэтага працэсу, каб у 2015 годзе Еўразійскі саюз быў ужо аформлены дэ-юрэ і стаў паўнавартаснай міжнароднай арганізацыяй. У гэтым праекце, акрамя Беларусі і Казахстана, для Расеі вельмі важна месца Украіны. У Сочы ўжо адбылася сустрэча Януковіча і Пуціна, дзе абмяркоўваліся некаторыя нефармальныя пытанні. Верагодна, што Масква ўзмоцніць свой ціск на Кіеў для ўцягвання ў гэты працэс», - падкрэсліў Павел Усаў.
Ён упэўнены, што разам з гэтым Расея вельмі моцна будзе ціснуць на Беларусь, каб яна патлумачыла сваю пазіцыю па расейскай ваеннай авіябазе і далейшых пытаннях прыватызацыі.
«Лукашэнка ў перыяд гэтага пасяджэння будзе пастаўлены ў вельмі непрыемнае і нязручнае становішча, а Крэмль будзе рабіць усё магчымае, каб Менск пайшоў на саступкі па гэтых пытаннях. Справа ў тым, што ніякай лібералізацыі эканамічнай прасторы Беларусі не адбылося, а менавіта на гэта выдаваўся крэдыт Еўразійскага банка развіцця. Беларускі кіраўнік не выканаў пастаўленых умоў і пры гэтым прасіў 2 мільярды даляраў. Але сітуацыя такая, што на сённяшні дзень без рэальных эканамічных, палітычных і геапалітычных саступак у бок Масквы, Лукашэнка больш не атрымае фінансавай падтрымкі, і ён гэта выдатна разумее», - падсумаваў палітолаг.
Нагадаем, у гэтыя дні ў Бішкеку праходзіць саміт Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. Да апошняга моманту меркавалася, што беларускі дыктатар прыме ў ім удзел.
Таксама адзначым, што 28-29 траўня ў Астане адбудзецца пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета з удзелам прэзідэнтаў Казахстана, Расеі, Украіны, а таксама беларускага кіраўніка.
Фота: РІА «Новости»