26 снежня 2024, Чацвер, 8:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Амаральна ставіць эканамічныя інтарэсы вышэй за лёсы людзей

33
Наталля Радзіна: Амаральна ставіць эканамічныя інтарэсы вышэй за лёсы людзей

Размова ЕЗ з Менскам павінна грунтавацца на прынцыповых пазіцыях і жорсткіх умовах.

Галоўны рэдактар беларускага сайту charter97.org Наталля Радзіна ў інтэрв'ю літоўскаму парталу ru.Delfi.lt сцвярджае, што ні пра якое паслабленне рэпрэсій у Беларусі казаць нельга. Гісторыя паказвае, што «чым больш Захад беспрынцыповы ў дачыненні да Лукашэнкі, тым цяжэй прыходзіцца палітвязням», нагадвае журналістка.

«Іх выпускалі з турмаў менавіта тады, калі ў Захаду была жорсткая пазіцыя, уводзіліся эканамічныя санкцыі», - падкрэслівае Наталля Радзіна.

Паводле яе слоў, цяперашнія размовы аб аднаўленні дыялогу з Менскам паказваюць, што ў Захаду так і не з'явілася стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Акрамя таго, яна адзначыла, што як толькі размарожваецца ізаляцыя рэжыму, гэта прыводзіць да вынікаў, якія свет назіраў 19 снежня 2010 года.

- Нядаўна з'явіўся даклад еўрапарламентара Юстаса Палецкіса аб сітуацыі ў Беларусі. Ён сцвярджае, што сітуацыя ў Беларусі палепшылася, у той час як міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, беларускія апазіцыйныя палітыкі, роўна як і многія еўрапейскія палітыкі кажуць, што ў краіне нічога не змянілася. Як бы Вы патлумачылі з'яўленне такога дакладу?

- Я адразу звярнула ўвагу на тое, што даклад падрыхтаваны еўрадэпутатам ад краіны, у якую за апошні год экспарт «растваральнікаў» (нафтапрадукты пад выглядам растваральнікаў) вырас у 15 разоў. Мне падалося, што тут ёсць пэўная сувязь. Акрамя таго ўспомнілася, што Ю.Палецкіс у дакладзе лорда Цімаці Бэла (які ў свой час працаваў над паляпшэннем іміджу беларускага кіраўніка) згадваўся як палітык, з якім рэкамендуецца мець зносіны для ўплыву на беларускія ўлады.

- Сваё знаёмства з ім Ю.Палецкіс у інтэрв'ю «Радыё Свабода» адмаўляў...

- Тады якім чынам ён мог трапіць у гэтыя дакументы? Калі ж казаць пра сам даклад, то ён выклікаў абурэнне нават у тых людзей, на размовы з якімі ён спасылаецца. У прыватнасці, у праваабарончага цэнтра «Вясна». Таму ні пра якое паслабленне рэпрэсій у Беларусі казаць нельга, сітуацыя кардынальна пагоршылася. Можна казаць пра зніжэнне палітычнай актыўнасці, але не пра зніжэнне рэпрэсій. У гэтай сувязі ўзнікае адчуванне, што даклад Ю.Палецкіса абслугоўвае інтарэсы некаторых еўрапейскіх палітыкаў, якія выступаюць за новы «дыялог» з Лукашэнкам.

- Здавалася б, еўрапейцы навучаныя падзеямі 19 снежня 2010 года. Як вядома тады яны былі ў шоку ад таго, што адбылося, аднак цяпер зноў абмяркоўваецца пытанне аднаўлення дыялогу. Што Вы мяркуеце на гэты конт?

- Гэта сумна і, на жаль, яшчэ раз даказвае, што ў Захаду няма стратэгіі ў дачыненні да Беларусі, а замест гэтага ёсць высокі ўзровень тавараабароту. Зразумела, што такія краіны, як Літва і Латвія падвяргаюцца эканамічнаму шантажу з боку рэжыму. Але трэба разумець, што амаральна ставіць эканамічныя інтарэсы вышэй за правы чалавека, лёсы палітычных зняволеных і жыцці беларусаў, якія ў масавым парадку падвяргаюцца рэпрэсіям.

- Ці можна казаць пра якія-небудзі зрухі  ў справах палітвязняў, што беларускія ўлады нейкім чынам рэагуюць на патрабаванні Захаду, які ўвесь час паўтарае пра неабходнасць поўнага вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў?

- Як паказвае гісторыя, чым больш беспрынцповы Захад у дачыненні да А.Лукашэнкі, тым цяжэй палітвязням у турмах. Іх выпускалі з турмаў менавіта тады, калі ў Захаду была жорсткая пазіцыя, уводзіліся эканамічныя санкцыі. Узгадайце 2008 год, калі ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў, пасля гэтага былі вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя. З боку ЕЗ у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі няма санкцый, ёсць візавыя абмежаванні і санкцыі ў дачыненні да трох алігархаў «сям'і» Лукашэнкі. Гэтага абсалютна недастаткова, але заўважце, як толькі былі ўведзеныя санкцыі супраць згаданых алігархаў, былі вызваленыя Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка. Гэта даказвае эфектыўнасць санкцый, але паколькі потым яны былі прыпыненыя, і ЕЗ пачаў казаць пра магчымасць нармалізацыі адносінаў з дыктатурай, сітуацыя з палітвязнямі толькі пагоршылася. Людзі сёння знаходзяцца ў жахлівым становішчы.

- Як Вы ацэньваеце ў дадзены момант пазіцыю Літвы па Беларусі?

- На жаль, Літва, якая мяжуе з Беларуссю, займае досыць пасіўную пазіцыю ў гэтым пытанні. Лідарам па зацікаўленасці ў беларускай праблематыцы ў ЕЗ сёння з'яўляецца Польшча. Яна прытрымліваецца прынцыповай пазіцыі, што бачна па заявах Радаслава Сікорскага, яна аказвае падтрымку незалежным СМІ Беларусі, але адна Польшча не можа вырашыць беларускае пытанне, таму дапамога Літвы ёй неабходная.

Я разумею кіраўніка МЗС Літвы Лінаса Лінкявічуса і яго словы пра тое, што Беларусь павінна заставацца ў Еўропе і размова з ёй павінна працягвацца. Але ўсё залежыць ад таго, якая гэта размова. Калі яна ідзе на прынцыповых пазіцыях і рэжыму выстаўляюцца жорсткія ўмовы - то вынік магчымы. Калі ж ЕЗ робіць крокі насустрач, а А. Лукашэнка ў гэты час катуе палітвязняў - гэта не размова.

- У свой час, пасля снежня 2010 года, нават Расея папракала Беларусь у парушэнні правоў чалавека. Якая роля Расеі ў Беларусі сёння?

- Сёння ў Расеі мы назіраем небяспечныя тэндэнцыі, гэта аўтарытарная краіна, у якой таксама ёсць палітычныя зняволеныя. Пасля 2010 года яна сапраўды займала прынцыповую пазіцыю. Калі памятаеце, тады Расея на працягу месяца не віншавала Лукашэнку з «перамогай». Узнікала адчуванне, што яна чакае і прыглядаецца да пазіцыі Захаду. Доўгі час пазіцыя Захаду была жорсткай, але 30 студзеня 2011 года ЕЗ адклаў увядзенне эканамічных санкцый.

Я была вызваленая за два дні да разгляду гэтага пытання і мяне выпусцілі для таго, каб ЕЗ не ўводзіў гэтыя санкцыі, хоць гэта не было свабодай. Фактычна мяне пасадзілі пад хатні арышт, а журналістку Ірыну Халіп і былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева пасадзілі пад рэальны хатні арышт. Гэта была несвабода, нас чакаў суд. Мне давялося ўцячы з краіны, а іншыя атрымалі абмежаванне свабоды і сёння з'яўляюцца тымі ж палітычнымі вязнямі. Але ЕЗ тады адклаў разгляд пытання аб санкцыях і пайшоў на саступкі, а трэба было патрабаваць вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў. У выніку мы маем тое, што маем: Расея, убачыўшы такую беспрынцыповую пазіцыю Захаду, павіншавала Лукашэнку і працягнула сваю гульню далей, бо, натуральна, што ў яе ёсць свае інтарэсы.

Самае галоўнае - не трэба ісці на повадзе ў тых беларускіх і еўрапейскіх палітыкаў, якія кажуць, што калі прытрымлівацца жорсткай пазіцыі ў дачыненні да рэжыму, то ён пойдзе далей у Расею. Ён і так ужо сышоў у Расею. Пагроза незалежнасці Беларусі захоўвалася ўсе гады кіравання Лукашэнкі. Для яго Расея заўсёды была натуральным саюзнікам, у якога таксама ёсць праблемы з правамі чалавека, і з якім ўвесь час былі сувязі карупцыйнага характару.

- Вы шмат ездзіце і маеце зносіны з еўрапейскімі палітыкамі, прадстаўнікамі міжнародных арганізацый. Варта чакаць, што мы ўбачым Лукашэнку ў Вільні, пра што разважаюць палітолагі?

- Калі вы тут убачылі Лукашэнку ў 2009 годзе, калі з ім сустрэлася прэзідэнт Літвы, усё гэта прывяло да таго, што ў нас былі падзеі 2010 года, гэта прывяло да таго, што літоўскія праваахоўныя органы здалі рахункі праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Таму ні ў якім разе нельга размарожваць ізаляцыю дыктатара. Як толькі гэта адбываецца, мы імгненна бачым, да якіх гэта прыводзіць вынікаў.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках