Вінцук Вячорка: Пуцін кароціць павадок Лукашэнку
16- 28.05.2013, 21:33
- 48,314
Уладзімір Пуцін зноў запатрабуе ад беларускага дыктатара паскорыць продаж прадпрыемстваў.
Такім чынам сябра арганізацыйнага камітэта «Беларускага Руху», былы старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка пракаментаваў сайту charter97.org адсутнасць беларускага дыктатара на саміце АДКБ у Бішкеку і сустрэчу Лукашэнкі з Пуціным у Астане.
«Убачыць пратэсты ў свой адрас у постсавецкай краіне беларускаму верхаводу было б не вельмі прыемна. У кожным выпадку, самае галоўнае - гэта сустрэча з расейскімі павадырамі. Менавіта яны даюць нафту і ярлык на цараванне, а Бішкек можа і пачакаць. Акрамя таго час ад часу Лукашэнка ўзвышае сябе. Мы памятаем з ягоных вуснаў пэўную крытыку на адрас АДКБ. Мабыць, былі пралічаныя ўсе плюсы і мінусы, і ён паехаў толькі ў Астану», - мяркуе палітык.
Ён адзначыў, што Пуцін сёння заявіў аб эфэктыўнасці АДКБ.
«Наогул ён будзе хваліць усе структуры, якія Расея стварыла на постсавецкай прасторы з сабой на чале. Гэта тычыцца і расейска-лукашэнкаўскай «саюзнай дзяржавы», і інтэграцыйных праектаў апошняга часу. Лукашэнка больш задавальняла бы відавочная паліцэйская функцыя той жа самай Арганізацыі Дамовы калектыўнай бяспекі, якая б стаяла на варце дыктатарскіх рэжымаў на прасторах былога СССР. Але паколькі ў самой арганізацыі ёсць праблемы, напрыклад, з Узбекістанам, то разлічваць на такую функцыю ў гэты момант не даводзіцца», - адзначыў Вінцук Вячорка.
Ён падкрэсліў, што нічога прынцыповага новага на сустрэчы ў Астане не адбудзецца.
«Масква зноў выставіць прайс-лісты ў выглядзе беларускіх прадпрыемстваў, а Лукашэнка будзе адцягваць карную для сябе хвіліну, спадзеючыся, што Крэмль дасць яму яшчэ папанаваць дзеля сваёй геапалітычнай выгады. Два мільярды даляраў, наконт якіх яшчэ не дамовіліся, будуць даваць часткамі наўзамен за канкрэтныя крокі здачы беларускай маёмасці. Можна сказаць, што гэта будуць падачкі і пакарочванне павадка, на якім Пуцін трымае беларускага правадыра», - падсумаваў палітык.
Нагадаем, у гэтыя дні ў Бішкеку праходзіць саміт АДКБ. Да апошняга моманту меркавалася, што беларускі дыктатар возьме ў ім удзел. З усяго відаць, ён спалохаўся пратэстаў грамадскасці ў сувязі з нявыдачай Бакіевых.
Таксама адзначым, што 28-29 траўня ў Астане адбудзецца пасяджэнне Найвышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады з удзелам прэзідэнтаў Казахстана, Расеі, Украіны, а таксама беларускага правадыра.