Гендырэктар МТЗ: Трактары на складах - наш залаты запас
99- 30.05.2013, 9:55
- 70,490
Кіраўніцтва завода адмаўляе праблемы са складскімі запасамі.
У прыватнасці, генеральны дырэктар МТЗ Уладзімір Валчок заявіў, што інфармацыя пра дзесяткі тысяч трактароў, якія назапасіліся на тэрыторыі прадпрыемства, памылковая, піша «Комсомольская правда в Беларуси».
«Гэтыя лічбы неаб'ектыўныя і памылковыя ў разы. У нас проста немагчыма размясціць такую колькасць тэхнікі, - тлумачыць ён, распавядаючы, што сёння прыходзіцца працаваць у няпростых умовах. - Гэта тлумачыцца ўмовамі, якія склаліся пасля ўступлення Расеі ў СГА.
Паменшаная падтрымка сельскай гаспадаркі Расеі, і гэта ў тым ліку прывяло да скарачэння паставак прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.
Да гэтага часу МТЗ пастаўляў у Расею больш як 50% ад агульнага аб'ёму вырабленай прадукцыі»
Кіраўнік МТЗ разлічвае захаваць гэтыя паказчыкі.
«Расея па-ранейшаму з'яўляецца нашым галоўным спажыўцом і партнёрам. Трактар, які збіраецца сёння на нашым канвееры, - на 50% складаецца з расейскіх матэрыялаў і камплектуючых...
Я думаю, што ў хуткім часе сітуацыя адновіцца. А тыя трактары, якія маюцца на складах завода, - гэта наш залаты запас, які, я веру, мы неўзабаве канвертуем у валюту», - сказаў ён.
Адзначым, што пра загружанасць складоў беларускіх прадпрыемстваў гавораць не толькі рабочыя, але і кіраўніцтва Менска і краіны. Некалькі дзён таму Мікалай Ладуцька ўчыніў з-за гэтага разнос сталічным чыноўнікам, а Лукашэнка загадаў адправіць неліквіды ў калгасы. Учора намеснік старшыні Менгарвыканкама заявіла, што да разгрузкі складоў падключаць і прадпрыемствы сталіцы.