26 снежня 2024, Чацвер, 8:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адмена санкцыяў ЗША - вынік шантажу «афганскім транзітам»?

16
Адмена санкцыяў ЗША - вынік шантажу «афганскім транзітам»?

Менск шантажаваў ЗША, пагражаючы забараніць транспарціроўку грузаў для войскаў НАТА ў Афганістане праз Беларусь.

Менавіта гэта магло стаць адной з галоўных прычын прыпынення дзеянняў амерыканскіх санкцый у дачыненні да беларускіх фірмаў «Белтэхэкспарт» і «БелОМА», лічыць палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org.

«Юрыдычна больш правільна казаць не пра адмену санкцый, а пра іх непадаўжэнне. На гэта аказалі ўплыў некалькі фактараў. Дзякуючы працы юрыстаў і лабістаў беларускага рэжыму знайшліся падставы для прыняцця такіх рашэнняў. Непадаўжэнне санкцый супраць «Белтэхэкспарту» стала магчымым пасля маніпуляцый, звязаных з яго «продажам». Уладзімір Пефціеў у мінулым годзе перадаў кіраванне кампаніяй расейскаму бізнесмену. Фармальна, у выніку гэтага з'явіліся матывы, з-за якіх можна было дамагацца адмены санкцый. Але ў дачыненні «БелОМА» нават такіх прычын няма.

Вялікі ўплыў на рашэнне не падаўжаць санкцыі меў транзіт грузаў у Афганістан, які праходзіць з Клайпеды праз Беларусь, Расею і Сярэднюю Азію. Спрацаваў рычаг уздзеяння, які падказалі Лукашэнку прадстаўнікі Jamestown Foundation. Менавіта яны ў свой час паказалі на «ахілесаву пяту» амерыканскай санкцыйнай палітыкі. Беларусь - не адзіны шлях транзіту, але важны. Лукашэнка згуляў на гэтым пасля падказкі», - заявіў Раман Якаўлеўскі.

Палітычны аглядальнік лічыць адной з найважнейшых праблем адсутнасць афіцыйных каментароў аб прычынах прыпынення дзеяння санкцый супраць беларускіх фірмаў.

«Выклікае заклапочанасць тое, што не было ніякіх тлумачэнняў з боку ЗША. Таму мы не можам з упэўненасцю гаварыць аб сапраўднай матывацыі гэтага кроку. А гэта выклікае пытанні з нагоды палітыкі адміністрацыі Абамы ў нашым рэгіёне», - заявіў Раман Якаўлеўскі.

Нагадаем, кіраўнік Jamestown Foundation Глен Ховард, аналітыкі фонду Уладзімір Сокараў, Рыгор Іофе і Януш Бугайскі наведалі Беларусь у пачатку года. 21 студзеня яны сустрэліся з Лукашэнкам. Акрамя таго, у іх адбыліся сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, прадстаўнікамі Мінабароны, Беларускай чыгункі, акрэдытаванымі ў Менску еўрапейскімі дыпламатамі і прадстаўнікамі польскай дыяспары.

Рашэнне аб скасаванні санкцый супраць кампаніі «Белтэхэкспарт» было прынята 24 траўня, з «БелОМА» - учора. Яны былі ўведзеныя ў 2011 годзе за парушэнне «Акту аб нераспаўсюджванні» ў дачыненні да Ірана, Паўночнай Карэі і Сірыі. Беларускія фірмы абвінавачвалі ў продажы краінам-ізгоям тэхналогій, звязаных з вытворчасцю ядзернай, хімічнай і біялагічнай зброі і балістычных ракетных сістэм.

«БелОМА» выпускае высокатэхналагічнае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца, у прыватнасці, у сістэмах супрацьракетнай абароны, «Белтэхэкспарт» - камерцыйная структура, праз якую робіцца значная частка беларускага экспарту зброі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках