2 траўня 2024, Чацвер, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Забаронены фестываль у гонар Мілавідскай бітвы

5
Забаронены фестываль у гонар Мілавідскай бітвы

Баранавіцкі райвыканкам забараніў Мілавідскі фестываль, прысвечаны 150-й гадавіне Мілавідскай бітвы.

Фестываль планавалася правесці 2 чэрвеня, піша ПЦ «Вясна».

Пра гэта стала вядома з ліста за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Анатоля Філанчука, які атрымалі арганізатары фестывалю Віктар Сырыца, Вячаслаў Болбат і Тэрэза Селівончык.

У адказе раённага чыноўніка паведамляецца, што «… у гэты дзень і ў гэтым месцы аддзел культуры Баранавіцкага райвыканкама запланаваў правядзенне мерапрыемства ў сувязі са 150-й гадавінай Мілавідскай бітвы 1863 года, таму правядзенне другога мерапрыемства па гэтай тэматыцы не мэтазгодна».

Як адзначыў грамадскі актывіст Віктар Сырыца: «Артыкул 51 Канстытуцыі Беларусі дае нам права на ўдзел у культурным жыцці. Мы амаль за 2 месяцы далі падрабязную заяву ў райвыканкам на правядзенне Мілавідскага фестывалю, прысвечанага касінерам Кастуся Каліноўскага. Затым на працягу месяца заключылі дамовы з раённай міліцыяй, паліклінікай і жыллёва-камунальнай гаспадаркай па абслугоўванні масавага мерапрыемства менавіта 2 чэрвеня. Я і Вячаслаў Болбат сустракаліся асабіста са спадаром Філанчуком і загадчыкам ідэалагічнага аддзела райвыканкама Змітром Варвашэняй і запрасілі іх і аддзел культуры райвыканкама на Мілавідскі фестываль 2 чэрвеня. Ніхто нам не казаў, што на 2 чэрвеня ўжо запланаванае нейкае афіцыйнае мерапрыемства і ніхто, зразумела, нават і не прапаноўваў нам іншую дату».

Віктар Сырыца лічыць, што ініцыятыўная група па правядзенні фестывалю выканала ўсе патрабаванні закона «Аб масавых мерапрыемствах». У райвыканкама не было ніякіх падстаў, каб забараніць правядзенне Мілавідскага фестывалю.

Грамадскі актывіст паведаміў, што ініцыятыўная група па правядзенні Мілавідскага фестывалю будзе думаць, як годна адзначыць у існуючых умовах слаўную дату нашай гісторыі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках