Стаўка рэфінансавання зніжаецца да 25%
14- 7.05.2013, 18:00
Нацбанк Беларусі з 15 траўня зніжае стаўку рэфінансавання адразу на 2 пункты - да 25% гадавых.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні ўправы інфармацыяй і грамадскімі сувязямі Нацбанка.
«Кіраўніцтва Нацыянальнага банка Беларусі прыняло пастанову трэці раз у гэтым годзе знізіць стаўку рэфінансавання - на 2 адсоткавых пункты да 25% гадавых з 15 траўня. Гэтая пастанова грунтуецца на ацэнцы далейшага запаволення інфляцыі (у красавіку 2013 года прырост спажывецкіх коштаў чакаецца істотна ніжэйшы, чым у папярэднія месяцы), што абумоўлівае захаванне рэальных адсоткавых ставак у эканоміцы на станоўчым узроўні, нягледзячы на зніжэнне іх намінальных значэнняў», - гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.
Апошні раз стаўка рэфінансавання была зніжаная 17 красавіка на 1,5 адсоткавыя пункты - да 27 адсоткаў гадавых. Раней кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова заяўляла пра пастанову знізіць стаўку рэфінансавання, бо «за 3 тыдні красавіка інфляцыя была ніжэйшая, чым прагназаваў Нацбанк».