Палітвязень Гайдукоў захварэў напярэдадні суда
12- 10.06.2013, 16:15
- 22,627
Падазраваны ў «здрадзе дзяржаве» Андрэй Гайдукоў этапаваны ў Віцебск.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміла яго маці Вольга Гайдукова.
«Самая дрэнная навіна ў тым, што мой сын хварэе. У пятніцу ў яго была тэмпература вышэй за 38 градусаў. Адвакат па аб'ектыўных прычынах сёння да яго патрапіць не зможа, таму заўтра павінна адбыцца сустрэча, і тады мы даведаемся падрабязнасці. З 3 чэрвеня Андрэй знаходзіцца ў Віцебску, але ўжо тыдзень няма ніводнага ліста. Я ўсё даведваюся праз адваката, і гэта хоць бы неяк спрашчае праблему», - адзначыла маці палітычнага вязня.
Жанчына падкрэсліла, што ёй адмовілі ў спатканні з сынам перад судовым працэсам.
«Мне сказалі, што спатканне магчыма, толькі пасля суда, а сама суддзя наогул са мной адмовілася сустрэцца. Даўно, калі Андрэй яшчэ знаходзіўся ў Віцебску, мне паведамілі, што магчыма перад судом нам дазволяць спатканне, але цяпер усё знаходзіцца ў кампетэнцыі суда, а не следства. Што тычыцца таго, ці будзе пасяджэнне закрытым, мы даведаемся заўтра да вечара», - лічыць Вольга Гайдукова.
Нагадаем, нядаўна старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык заявіў, што судовыя слуханні па справе Андрэя Гайдукова, які абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве, хутчэй за ўсё, пройдуць за зачыненымі дзвярыма.
Пры гэтым ён адзначыў: «Я думаю, што пасля таго, як будзе абвешчанае рашэнне суда, тыя людзі, якія яго абаранялі, апынуцца ў нязручным становішчы».
«Ён не паспеў здзейсніць злачынства, быў своечасова выяўлены, але гэта было, як мы кажам, класіка - усё было зроблена чыста», - заявіў кіраўнік КДБ.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, Андрэя Гайдукова затрымалі «падчас закладкі схованкі са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Гэта абвінавачванне многія лічаць бессэнсоўным.
Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой паведамлялася пра тое, што актывіста затрымалі за распаўсюджванне газеты «Хартыя'97». Праваабаронцы пераслед Гайдукова звязваюць з яго апазіцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзевых актывістаў.