Газам не прарвала
69- 12.06.2013, 10:20
- 68,362
Спадзяванні Лукашэнкі знайсці ў Беларусі радовішчы нафты і газу рассыпаліся ў пыл.
Новы даклад Інфармацыйна-даследчага агенцтва Міністэрства энэргетыкі ЗША (ЕIA) расчараваў беларускія ўлады і канцэсіянераў, якія з 2012 года шукаюць у нетрах Беларусі сланцавыя газ і нафту, паведамляе «Ежедневник».
Колькасць краін, на тэрыторыі якіх гэтыя рэсурсы ёсць, вырасла з 32 да 41, але Беларусі сярод іх няма.
Калі ў дакладзе, апублікаваным у 2011 годзе, амэрыканскія энэргетыкі паказвалі, што сланцавыя газ і нафта ёсць у 48 басэйнах, размешчаных у 32 краінах, то ў новым дакладзе, апублікаваным на гэтым тыдні, лік радовішчаў вырас да 95 у 41 краіне. Ацэнка тэхнічна вымальнага сланцавага газу вырасла з 187 трлн кубамэтраў да 206 куб.мэтраў, а нафты - з 32 млрд да 345 млрд барэляў.
Паводле ацэнак EIA, самыя буйныя запасы тэхнічна вымальных сланцавых газаў сканцэнтраваныя ў Кітаі (1115 трлн куб.футаў), у Аргенціне (802 трлн куб.футаў) і Алжыры (707 трлн куб.футаў), у дзясятак уваходзяць таксама ЗША, Канада, Мэксіка, Аўстралія, Паўднёвая Афрыка, Расея і Бразілія.
У запасах тэхнічна вымальнай сланцавай нафты лідэрамі з'яўляюцца Расея (75 млрд барэляў), ЗША (58 млрд) і Кітай (32 млрд), далей ідуць Аргенціна, Лібія, Венесуэла, Мэксіка, Пакістан, Канада ды Інданэзія.
У ліку краін, якія валодаюць запасамі гэтых карысных выкапняў, знаходзяцца практычна ўсе геаграфічныя суседзі Беларусі. Запасы тэхнічна вымальнага сланцавага газу ў Польшчы ацэньваюцца EIA ў 148 трлн куб.футаў (у дакладзе 2011 года яны былі большымі – 187 куб.футаў), сланцавай нафты - у 3,3 млрд барэляў. Адзін з польскіх басэйнаў - Балтыйскі - сягае і на тэрыторыю Літвы і Калінінградскай вобласці. Ацэнка сланцавай нафты ў Літве складае 0,3 млкд барэляў, у Калінінградскай вобласці - сланцавага газу 2 трлн куб.футаў, нафты - 1,2 млрд барэляў. У Расеі буйныя радовішчы сланцавых нафты і газу знаходзяцца ў Заходняй Сібіры. Дзякуючы ім, яна знаходзіцца ў сусветных лідэрах. Тры басэйны, дзе магчымыя здабыча і сланцавага газу, і нафты, размешчаныя на Украіне (адзін - сумесна з Румыніяй). Запасы сланцавага газу ва Украіне ацэненыя гэтым разам у 128 трлн куб.футаў (у 2011 годзе - 42 трлн куб.футаў), нафты - 1,1 млрд барэляў.
На жаль, як і ў дакладзе EIA 2011 года, так і ў дакладзе 2013 сярод краін з запасамі сланцавых газу і нафты не фігуруе Беларусь. EIA ніяк не адрэагавала ў дакумэнце на прагноз Аляксандра Лукашэнкі, які ён агучыў у 2011 годзе падчас чарговага паслання да беларускага народу і «парламэнту».
«Мне здаецца, што нафта недзе ёсць, - нечакана для ўсіх тады падзяліўся сваімі меркаваннямі Лукашэнка. - А калі ёсць нафта, не можа быць, каб дзесьці не прарвала газам».
«Мне здаецца, што нам трэба больш уважліва паглядзець на нетры. Знойдзем мы нешта. Не можа быць, каб нехта шукаў і не знайшоў», - выснаваў у 2011 годзе беларускі правадыр.
Магчыма, рэакцыяй менавіта на гэтае пажаданне стала ўкладанне ў жніўні 2012 года Міністэрствам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі канцэсійнай умовы на геалагічнае вывучэнне прыродных нетраў Беларусі са швайцарскай кампаніяй MK Mining AG. Што цікава, гэтая кампанія зацікавілася выведкай менавіта радовішчаў сланцавага газу і пагадзілася рабіць гэта бязвыплатна.