28 снежня 2024, Субота, 19:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Улады спрабуюць перавесці стрэлкі

16
Зміцер Бандарэнка: Улады спрабуюць перавесці стрэлкі

У справе Гайдукова КДБ выкарыстоўвае тыя ж метады, што і ў справе Канавалава-Кавалёва, лічыць палітык.

Пра гэта каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org.

«Я ўважліва прачытаў інфармацыю пра ліст Андрэя Гайдукова, у якім ён кажа, у чым яго абвінавачвае КДБ. Кінулася ў вочы фраза пра тое, што «магчымая шкода ад яго дзейнасці заключалася ў дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь». Успомніце, як падчас суда «тэрарыст» Зміцер Канавалаў увесь час паўтараў, што здзейсніў сваё злачынства для дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнага становішча ў краіне.

Паралелі са справай Канавалава-Кавалёва відавочныя. Уладам таксама, як і ў 2011 годзе, неабходна адцягнуць увагу ад катастрафічнай эканамічнай сітуацыі ў краіне, запалохаць апазіцыю і грамадства. Тады яны не адважыліся звязаць тэракт са сваімі палітычнымі супернікамі, хоць начальнік турмы КДБ палкоўнік Аляксандр Арлоў адразу пасля выбуху прыбягаў у камеры некаторых зняволеных і крычаў, што гэта яны ўсё ўчынілі. Сёння праз закрыты суд над грамадскім актывістам Андрэем Гайдуковым улады адкрыта спрабуюць перавесці стрэлкі на апазіцыю.

Гайдукоў таксама напісаў, што яго вінавацяць у пошуку «фінансавання на сваю дзейнасць у фондзе амбасады ЗША». Мне здаецца, што гэта «творчае» развіццё тэмы няўрадавых арганізацый як «замежных агентаў» у Расеі.

З уласнага досведу знаходжання ў турме КДБ магу сцвярджаць, што Андрэю Гайдукову давялося прайсці праз сур'ёзныя выпрабаванні. Яго неаднаразова перакідалі з Менска ў Віцебск і назад. Звычайна гэта робіцца для таго, каб зламаць чалавека. Нам, арыштаваным за Плошчу, было лягчэй, таму што нас было шмат і да нашай справы была прыкаваная ўвага ўсяго свету. У турме і на закрытым судзе Андрэю Гайдукову давядзіцца змагацца ў адзіночку. Толькі міжнародная ўвага і наша салідарнасць могуць выратаваць хлопца», - сказаў Зміцер Бандарэнка.

Нагадаем, суд над палітвязнем Андрэем Гайдуковым пачаўся ўчора. Пра тое, што працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме, раней паведаміў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Андрэя Гайдукова судзяць у Віцебскім абласным судзе. Актывіст апазіцыі быў этапаваны ў абласны цэнтр некалькі дзён таму. Яго сваякам адмовілі ў сустрэчы з ім.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Андрэя Гайдукова затрымалі «падчас закладкі схованкі са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Праваабаронцы і актывісты апазіцыі лічаць гэта абвінавачванне бессэнсоўным.

Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой паведамлялася пра тое, што актывіста затрымалі за распаўсюджванне газеты «Хартыя'97». Пераслед Андрэя Гайдукова звязваюць з яго апазіцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзевых актывістаў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках