МТЗ хоча схаваць «лішнія» трактары на лецішчах рабочых?
144- 14.06.2013, 9:48
- 129,666
Кіраўніцтва завода прыдумала, як разгрузіць склады.
Неліквідныя трактары, якія псуюць статыстыку, вырашылі перадаць на захоўванне супрацоўнікам прадпрыемства. Пра гэта піша ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» Дзяніс Ціханенка.
«Супрацоўнікам МТЗ прапанавалі ўзяць трактары на адказнае захоўванне. Да сябе на лецішча, у гараж, у бабулін домік у вёсцы ці на аўтастаянку на худы канец. Пакуль прапанавалі. Настойліва», - піша ён.
На Менскім трактарным заводзе сайту charter97.org адмовіліся каментаваць гэтую інфармацыю, спаслаўшыся на тое, што праблем з рэалізацыяй прадукцыі прадпрыемства не мае. Паведамленні аб 20 тысячах трактароў, якія назапасіліся на складах, у прэс-службе назвалі «чуткамі і выдумкай».
Нагадаем, у траўні адзін з рабочых МТЗ паведаміў пра сур'ёзныя праблемы з рэалізацыяй прадукцыі МТЗ.
«У дадзены момант на тэрыторыі завода, а таксама за межамі гэтага ў пасёлку Абчак схавана звыш 20 000 трактароў. На самой тэрыторыі застаўленыя ўсе свабодныя месцы, у тым ліку пешаходныя дарожкі. Людзі літаральна праціскаюцца паміж неліквіднай тэхнікай. Здымкі Google Maps, што былі апублікаваныя нядаўна на сайце, гадовай даўнасці і зусім неактуальныя, зараз увесь завод застаўлены трактарамі! І такога не ўзгадаюць старажылы, нават у ліхія дзевяностыя сітуацыя была лепш», - паведаміў работнік.
Празмернасць гатовай прадукцыі на складах прадпрыемстваў ужо выклікала сур'ёзную занепакоенасць нават у прадстаўнікоў уладаў. У канцы траўня старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька ўчыніў з-за гэтага разнос сталічным чыноўнікам.
Паводле яго слоў, гораду не ўдалося за чатыры месяцы выканаць даведзеныя заданні сацыяльна-эканамічнага развіцця. Валавы рэгіянальны прадукт склаўся ў суме 42,6 трлн. рублёў. Ёсць адставанне ад намечаных планаў па аб'ёмах прамысловай вытворчасці, экспарту тавараў, інвестыцыях у асноўны капітал.
Асаблівыя асцярогі выклікаюць значныя запасы гатовай прадукцыі, што негатыўна адбіваецца на эканоміцы арганізацый.
Свае ідэі барацьбы са складскімі запасамі машынабудаўнічых гігантаў нядаўна агучваў і кіраўнік. Лукашэнка распарадзіўся скараціць іх шляхам перадачы тэхнікі ў калгасы са зніжкай да 30%.
Нагадаем, шэраг беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку і МАЗ, у пачатку вясны былі вымушаныя перайсці на чатырохдзёнку з-за адсутнасці попыту на прадукцыю.