«Палатнік» прапанаваў караць за «дармаедства»
184- 18.06.2013, 7:59
- 89,908
«Дэпутаты» зноў устурбаваліся праблемай грамадзян краіны, якія афіцыйна нідзе не працуюць.
Пра тое, што «палата прадстаўнікоў» можа вярнуцца да абмеркавання праблемы «дармаедства», паведаміў яе член Аляксандр Ярашэвіч, камэнтуючы гучныя публікацыі ў СМІ пра канфлікт жыхара Давыд-Гарадка і тутэйшых непрацоўных цыганоў, перадае БелТА.
«Перад законам у нас усё роўныя: і цыганы, і беларусы, і палякі, і грамадзяне іншых нацыянальнасцяў. Я бачу тут іншую актуальную праблему нашага грамадства - утрыманства. Калі людзі не працуюць, хоць могуць, а жывуць за кошт астатняга грамадства, то трэба нешта з гэтым рабіць. І такія прыклады дармаедства ёсць паўсюдна - у кожным рэгіёне, і не толькі сярод цыганоў», - сказаў «дэпутат».
Аляксандр Ярашэвіч нагадаў, што адзін з крокаў у гэтым кірунку быў зроблены праз унясенне змен у заканадаўства аб дзіцячых дапамогах, пасля чаго ўсе сем'і, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, сталі атрымліваць аднолькавыя выплаты. «Палатнік» дадаў, што праблема злоўжывання статусам самотнай маці была вельмі актуальная ў Беларусі. Ён таксама паведаміў, што «дэпутатам» паступае нямала зваротаў, дзе гаворыцца і пра іншы бок сацыяльнага ўтрыманства. У некаторых сем'ях ужо дарослыя дзеці не працуюць, а папросту забірюць пенсію ў састарэлых бацькоў. Прычым гэта адбываецца і ў гарадах, і ў вёсцы.
«Думаю, што мы вернемся да гэтага пытання і разбярэмся, каб сапраўды кожны зарабляў сам. Адназначна трэба развязваць гэтае пытанне, але не сілавымі метадамі, не кулакамі, а дэмакратычна. Трэба прадумаць ўсе моманты. Напрыклад, ёсць людзі, якія паводле стану здароўя не могуць працаваць», - адзначыў ён.
«Ва ўсіх дзеці ходзяць у школу, дзіцячыя сады, людзі звяртаюцца ў дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя. Таксама ўсе карыстаюцца грамадскім транспартам, дзе тарыфы для насельніцтва ніжэйшыя за сабекошт. Гэта значыць, карыстаюцца аднолькавымі дабротамі. Значыць, усе павінны і папаўняць дзяржаўны скарб, плаціць падаткі. Але, вядома, тым, хто нямоглы, дзяржава павінна дапамагаць», - сказаў на заканчэнне Аляксандр Ярашэвіч.
Нагадаем, у снежні мінулага года зрабіць захады ў дачыненні да грамадзян краіны, якія афіцыйна нідзе не працуюць, прапаноўваў віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік.
Важна адзначыць, што шмат якія беларусы не маюць афіцыйнага месца працы альбо выязджаюць на сэзонныя работы за мяжу. Найперш гэта датычыцца рабочых будаўнічых спецыяльнасцяў.
Фота: obozrevatel.com