25 снежня 2024, Серада, 20:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Еўрапарламента: У Лукашэнкі няма шанцаў для палітычнага выжывання

101
Прэзідэнт Еўрапарламента: У Лукашэнкі няма шанцаў для палітычнага выжывання

Прэзідэнт Еўрапарламента Марцін Шульц даў эксклюзіўнае інтэрв'ю сайту charter97.org.

Марцін Шульц сустрэўся ў Брусэлі з галоўным рэдактарам сайта charter97.org Наталляй Радзінай.

- Спадар прэзідэнт, як можна растлумачыць вашу прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да дыктатуры ў Беларусі і сённяшнюю спробу Рады Еўразвяза зняць санкцыі са злачынцаў са зграі Лукашэнкі?

- Гэта вельмі складаны выбар. Еўрапейскі звяз і ўрады краін ЕЗ павінны зрабіць выбар - як ізаляваць дыктатара і не парушыць пры гэтым інтарэсы радавых грамадзян у краіне. Для мяне як для прэзідэнта Еўрапейскага парламента гэта прасцей: у мяне больш магчымасцяў, чым ва ўрадаў, каб выступіць і сказаць «не». Яны ж павінны прымаць пад увагу вельмі канкрэтныя інтарэсы сваіх краін і мець на ўвазе, што эканамічны байкот звычайна аказвае большы ўплыў на іх радавых грамадзян, чым на верхавіну ўрада. Таму я б не спяшаўся з крытыкай такой пазіцыі.

- На пасяджэнне Парламенцкай асамблеі Еўранэст у гэтым годзе не былі запрошаныя прадстаўнікі афіцыйнай улады. Была запрошаная апазіцыя. Гэта быў сур'ёзны сігнал падтрымкі дэмакратычнага руху Беларусі. Можа, варта распаўсюдзіць гэтую практыку і на саміт «Усходняга партнёрства» ў Вільні і запрасіць туды толькі прадстаўнікоў дэмакратычнага руху?

- Еўрапейскі парламент запрасіў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і апазіцыі ў якасці тэсту. Калі іншыя структуры Еўрапейскага звяза або краіна, якая цяпер старшынюе ў ім, - у дадзеным выпадку гэта Літва - выберуць аналагічную мадэль, то такое магчыма. Але я не магу даваць ім парады. Яны могуць рушыць услед нашаму прыкладу, які, я лічу, быў паспяховым.

- Гэта значыць, вы лічыце, што дзяржаўныя чыноўнікі не павінны ўдзельнічаць у саміце?

- Па крайняй меры, не выключана, што лідараў беларускай апазіцыі могуць запрасіць на саміт, але дакладна не ў якасці афіцыйных удзельнікаў. Запрашэнне прадстаўнікоў беларускай апазіцыі і іх сустрэчы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі еўрапейскіх структур і дзяржаў-членаў Еўрапейскага звяза падчас саміту абсалютна магчымыя.

- Чаму сёння так аслабела цікавасць Германіі да змены сітуацыі ў Беларусі?

- Я не думаю, што Германія звяртае менш увагі на сітуацыю ў Беларусі. Ні я як прэзідэнт Еўрапейскага парламента з Германіі, ні мая партыя ніколі не пакідалі ні найменшага сумневу ў тым, што мы сочым за беларускай дыктатурай. І я магу вам сказаць, што зусім нядаўна, калі прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ была ўзнагароджаная прэміяй Карла Вялікага ў Аахене - вышэйшай узнагародай для дзеючых еўрапейскіх палітыкаў, - я згадаў пра Лукашэнку як пра апошняга дыктатара Еўропы, які павінен сысці і знікнуць.

Гэта заява выклікала буру апладысментаў. Такім чынам, у Германіі ідзе дыскусія. Я не магу пагадзіцца, што нямецкі федэральны ўрад не надае дастатковай увагі гэтай тэме. Ён робіць гэта разам з Гіда Вестэрвеле, які не з'яўляецца сябрам партыі, да якой належу я. Зусім нядаўна ён яшчэ раз згадаў пра парушэнні грамадзянскіх правоў і правоў чалавека ў Беларусі.

- Што б вы хацелі перадаць сацыял-дэмакрату Мікалаю Статкевічу, які цяпер знаходзіцца ў турме?

- Мы робім усё магчымае для таго, каб дамагчыся яго вызвалення і выхаду з турмы. Лідар маёй партыі Зігмар Габрыэль знаходзіцца ў пастаянным кантакце з тымі членамі яго сям'і, якія зараз жывуць у Германіі. Мы стараемся аказваць падтрымку Мікалаю Статкевічу ўсімі сродкамі, якія маюцца. Ён з'яўляецца адным з найбольш пацярпелых ад рэжыму.

- Вы сказалі, што рукі Лукашэнкі ў крыві. Якой павінна быць палітыка Захаду ў дачыненні да беларускага рэжыму?

- Мы павінны імкнуцца ізаляваць дыктатара без ізаляцыі краіны. Гэта нялёгка. Ваша першае пытанне было аб зняцці візавых абмежаванняў у дачыненні да некаторых прадстаўнікоў рэжыму. Чаго мы павінны пазбягаць, так гэта гульняў Лукашэнкі з намі. Яго стратэгія ў апошнія гады складалася ў невялікіх кроках, саступках і кампрамісах, якія ён рабіў час ад часу. Але за імі ішоў рост рэпрэсій унутры краіны. Ён павінен дакладна ведаць, што нават калі ён часткова будзе супрацоўнічаць з ЕЗ, гэта дапаможа пазбегнуць пакут вашаму народу і вашай краіне.

«Ваш час абмежаваны» - такім павінна быць пасланне. Што тычыцца некаторых краін, якія інтэнсіўна супрацоўнічаюць з беларускімі ўладамі, то Еўрапейскі звяз не можа пагадзіцца з тым, што мы з аднаго боку супрацоўнічаем з імі, а з другога боку яны супрацо...

«Ваш час абмежаваны» - такім павінна быць пасланне. Што тычыцца некаторых краін, якія інтэнсіўна супрацоўнічаюць з беларускімі ўладамі, то Еўрапейскі звяз не можа пагадзіцца з тым, што мы з аднаго боку супрацоўнічаем з імі, а з другога боку яны супрацоўнічаюць з Лукашэнкам. Ізаляцыя азначае, што мы павінны паказаць усяму свету, што ў Лукашэнкі няма ніякіх шанцаў у сярэдне-і доўгатэрміновай перспектыве для палітычнага выжывання.

- Калі я была у турме пасля выбараў 2010 года, афіцэр КДБ спытаў у мяне: «Чаму вы сустракаліся з прэзідэнтам Еўрапейскага парламента?» Я сказала, што ніколі не сустракалася з прэзідэнтам Еўрапейскага парламента (у той час гэта быў Ежы Бузэк). А потым ён паказаў мне здымак, на якім я была з Лехам Валенсам, экс-прэзідэнтам Польшчы. Ён думаў, што гэта Ежы Бузэк. Я зразумела, што для КДБ сустрэча беларускага апазіцыянера або незалежнага журналіста з прэзідэнтам Еўрапарламента - злачынства. Чаму яны так вас баяцца?

- Для агульнаеўрапейскай і нават сусветнай грамадскасці Еўрапейскі парламент з'яўляецца месцам, дзе злачынствы дыктатур абмяркоўваюцца і асуджаюцца. Гэта месца з велізарнай аўдыторыяй і з велізарнымі магчымасцямі. У Еўрапейскім парламенце 750 сяброў з 27 (а хутка будзе з 28) дзяржаў. Дыскусіі ў яго заўсёды вельмі нязручныя для дыктатараў, таму што гэта Еўропа, і яна сочыць за імі. Таму яны баяцца нас, і гэта добра.

Напісаць каментар 101

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках