1 студзеня 2026, Чацвер, 2:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна забараніла ўвоз беларускай свініны

35
Украіна забараніла ўвоз беларускай свініны

Украіна ўвяла забарону на ўвоз з Беларусі свіней, прадукцыі і сыравіны з іх у сувязі з выяўленнем афрыканскай чумы свіней.

З мэтай недапушчэння заносу ўзбуджальніка афрыканскай чумы свіней на тэрыторыю Украіны, рашэннем Галоўнага дзяржаўнага інспектара ветэрынарнай медыцыны ад 22 чэрвеня забаронены ўвоз адчувальных да выяўленага захворвання жывёл, прадукцыі і сыравіны з іх, а таксама кармоў для свіней з Рэспублікі Беларусь.

Пра гэта паведамляе сайт Дзяржаўнай ветэрынарнай і фітасанітарнай службы Украіны.

Нагадаем, учора Рассельгаснагляд распаўсюдзіў заяву, у якой гаварылася, што ў Гродзенскім раёне зарэгістраваная афрыканская чума свіней (АЧС). У гэтай сувязі Рассельгаснаглядам з 2013/06/21 ўведзены часовыя абмежаванні на ўвоз у Расейскую Федэрацыю свіней, спермы кныроў, свініны і свінагадоўчай прадукцыі, з Гродзенскай вобласці Рэспублікі Беларусь.

Інфармацыя аб масавым падзяжы свіней у Беларусі з'явілася ў канцы красавіка. Спачатку ўлады катэгарычна адмаўлялі эпідэмію. Калі пачалі хварэць свінні на комплексе «Усходні» пад Баранавічамі, было сказана, што яны заразіліся рэспіраторна-рэпрадуктыўным сіндромам. Але пры гэтым захворванні свінні ня дохнуць. Па словах ветэрынараў, пры наяўнасці яго нараджаюцца мёртвыя парасяты. Таму версія ўладаў асаблівага даверу не выклікала.

За апошнія некалькі дзён чытачы сайта charter97.org паведамілі аб масавым забоі свіней у Мінскай і Віцебскай абласцях.

Пад Віцебскам да барацьбы з «сакрэтнай хваробай» свіней прыцягнулі супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама паведамлялася, што масавы забой свіней пачаўся ў Стаўбцоўскім, Карэліцкім, Іўеўскім, Лідскім, Навагрудскім раёнах.

Самай распаўсюджанай версіяй таго, што адбываецца, стала менавіта эпідэмія афрыканскай чумы свіней, якая фіксуецца ў суседніх краінах. Зразумець страх мясцовага чынавенства можна - наяўнасць эпідэміі пагражала забаронай паставак беларускага мяса ў Расею. Гаворка ідзе пра значныя аб'ёмы: у 2013 годзе Беларусь плануе экспартаваць туды 310 тысяч тон мяса і мясапрадуктаў.

Афрыканская чума свіней - высокакантагіёзная вірусная хвароба свіней, якая характарызуецца ліхаманкай, цыянозам скуры і шырокімі гемарагіямі ва ўнутраных органах. Належыць да спісу A згодна з Міжнароднай класіфікацыяй заразных хвароб жывёл. Для чалавека афрыканская чума свіней небяспекі не ўяўляе.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках