28 снежня 2024, Субота, 0:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі намінаваны на прэмію Вацлава Гавела

3
Алесь Бяляцкі намінаваны на прэмію Вацлава Гавела

Беларускага праваабаронцу вылучылі больш за 30 польскіх НДА.

Ініцыятыва ўзнагароджання Алеся Бяляцкага прэміяй Вацлава Гавела належыць фонду Стэфана Баторыя, перадае тэлеканал «Белсат».

Узнагарода ў галіне абароны правоў чалавека прысуджаецца адзін раз у год Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы (ПАРЕ) ў супрацоўніцтве з Бібліятэкай Вацлава Гавела і фондам «Charta 77». Прэмія падкрэслівае в\ыключную дзейнасць актывістаў грамадзянскай супольнасці, якія працуюць у сферы абароны правоў чалавека ў Еўропе і за яе межамі.

Упершыню аб уручэнні прэміі ў гэтым годзе абвясцілі 25 сакавіка ў Празе падчас цэрымоніі падпісання дакументаў аб супрацоўніцтве паміж прэзідэнтам ПАРЕ Жанам-Клодам Міньёнам (Jean-Claude Mignon), дырэктарам бібліятэкі Вацлава Гавела Мартай Смолікавай (Marta Smolíková) і старшынёй кіруючага камітэта фонду «Charta 77» Францішкам Янохай (František Janocha). На цэрымоніі прысутнічаў таксама міністр замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнберг (Karel Schwarzenberg).

Прэмія Вацлава Гавела ў галіне абароны правоў чалавека замяніла створаную ў 2007 годзе ўзнагароду за намаганні ў прасоўванні правоў чалавека, якая прысуджалася Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы кожныя два гады: у 2009 годзе яе атрымала арганізацыя «Human Rights Watch», а ў 2011 годзе - расейскі Камітэт супраць катаванняў.

Намінаваць на прэстыжную прэмію могуць людзі ці няўрадавыя арганізацыі, якія працуюць у сферы абароны правоў чалавека. Заяўкі з рэкамендацыямі як мінімум пяці няўрадавых арганізацый павінны быць накіраваныя генеральнаму сакратару Парламенцкай асамблеі да 30 чэрвеня.

Імя пераможцы абвесцяць у канцы верасня. Цэрымонія ўзнагароджання адбудзецца 30 верасня ў Страсбургу на адкрыцці восеньскай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Лаўрэат атрымае дыплом, статуэтку і 60 000 еўра.

За апошні год Алеся Бяляцкага, які застаецца ў турме, шматкроць узнагароджвалі за барацьбу за справядлівасць і правы чалавека. Беларускі палітвязень атрымаў прэмію Петры Кэлі (Petra Kelly) і прэмію Леха Валенсы (Lech Wałęsa). Кіраўнік ПЦ «Вясна» ўвайшоў таксама ў лік лаўрэатаў прэміі партала charter97.org за выдатныя дасягненні ў галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках