«Сланцавая рэвалюцыя» і будучыня Еўропы
60- 29.06.2013, 11:02
- 29,192
Распрацоўка тэхналогіі па здабыванні сланцавага газу можа сур'ёзна змяніць энергетычны баланс у краінах Еўропы.
У першую чаргу, гэта датычыцца зніжэння залежнасці кантынента ад расейскага газу, перадае BBC.
Гідраразрыў сланцавых пластоў ужо на ўсю моц выкарыстоўваецца ў ЗША і там гэта прывяло да істотнага патаннення энергіі.
На днях брытанскія геолагі ўдакладнілі ацэнкі запасаў гэтага паліва ў Велікабрытаніі. Новая лічба ўражвае - 40 трыльёнаў кубаметраў.
Не менш буйныя радовішчы сланцавага газу выяўленыя ў шэрагу дзяржаў Усходняй Еўропы, у тым ліку - практычна ва ўсіх дзяржавах, якія з'яўляюцца суседзямі Беларусі.
У пачатку красавіка 2010 года паведамлялася, што ў Польшчы адкрытыя значныя запасы сланцавага газу, засваенне якіх планавалася ў траўні таго ж года кампаніяй ConocoPhillips.
У 2010 годзе Украіна выдала ліцэнзіі на выведку сланцавага газу для Exxon Mobil і Shell.
У траўні 2012 года сталі вядомыя пераможцы конкурсу па распрацоўцы Юзаўскай (Данецкая вобласць) і Алескай (Львоўская вобласць) газавых плошчаў. Імі сталі Shell і Chevron, адпаведна. Чакаецца, што прамысловая здабыча на гэтых участках пачнецца ў 2018-2019 гадах.
У мінулым годзе амерыканская кампанія Chevron купіла долю ў літоўскай кампаніі LL Investicijos. Па словах уладаў, краіна мае шанцы стаць другім Дубаем або Катарам. Мясцовае міністэрства энергетыкі ацэньвала патэнцыйныя запасы сланцавага газу ў 100 мільярдаў кубаметраў.
Міжнароднае энергетычнае агенцтва прагназуе, што здабыча нетрадыцыйнага газу ў Еўропе да 2030 году складзе 15 млрд кубаметраў у год. Многія лічаць, што такія прагнозы заніжаныя.