2 лiстапада 2024, Субота, 18:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спецдакладчык ААН: Беларускіх палітвязняў катуюць у турмах

49
Спецдакладчык ААН: Беларускіх палітвязняў катуюць у турмах

(абноўлена - 18.30) Рада правоў чалавека ААН абмяркоўвае даклад аб Беларусі.

Дакумэнт, які падрыхтаваны спецдакладчыкам Рады ААН Міклашам Харашці і апісвае сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне на працягу апошняга года, прэзэнтаваны сёння на сэсіі, якая праходзіць у Жэнэве.

Прэзентацыя дакладу заняла блізка 10 хвілін. Міклаш Харашці пералічыў яго асноўныя пункты. Таксама ён нагадаў, што не меў магчымасці патрапіць у Беларусь праз тое, што ўлады нашай краіны адмовіліся выдаваць яму ўязную візу.

У сваім дакладзе спецдакладчык Рады ААН адзначыў, што сітуацыя з палітвязнямі выклікае вялікую ўстурбаванасць.

«Варункі іхнага ўтрымання ў турмах разам з інфармацыяй аб псіхалагічным і фізічным ціску могуць быць успрынятыя як неналежнае ўтрыманне, а часам і катаванні», - заявіў ён.

Прадстаўнік афіцыйнага Менска Міхаіл Хвастоў заявіў, што даклад выкарыстоўваецца для таго, каб учыніць ціск на ўлады. «Беларусі не патрэбен спецдакладчык Рады правоў чалавека ААН», - сказаў ён. Хвастоў падкрэсліў, што Еўропа не прапануе Беларусі мадэль супрацоўніцтва, аднак накідвае ёй мадэль развіцця, мяркуючы, што лад жыцця ЕЗ ад пачатку лепшы, чым іншыя. Яго падтрымалі расейская, кубінская ды казахская дэлегацыі.

Прадстаўнік Расеі назваў даклад «кампіляцыяй няспраўджаных фактаў з другасных крыніц» і сказаў, што ягоная краіна не прызнае мандат спецдакладчыка аб Беларусі.

Афіцыйны Менск таксама атрымаў гарачую падтрымку ад прадстаўнікоў Кітая, Зімбабвэ і КНДР. На іхную думку, казаць аб парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне нельга.

Прадстаўнікі Сірыі і Венесуэлы папрасілі Раду правоў чалавека ААН зрабіць уплыў на скасаванне эканамічных санкцый, уведзеных супраць Лукашэнкі і ягоных набліжаных. Даклад яны назвалі «выяўленнем падвойных стандартаў».

Пазіцыю беларускіх улад падтрымалі дэлегацыі Ірана, Палестыны, В'етнама, М'янмы, Лаоса, Узбекістана.

Прадстаўнікі Нямеччыны, Польшчы, Францыі, Вугоршчыны, Гішпаніі, Эстоніі, Чэхіі, Румыніі, Вялікабрытаніі, Славаччыны, Швецыі, Літвы, Бэльгіі ды іншых краін ЕЗ падзякавалі дакладчыку за ягоную працу. Яны запатрабавалі неадкладнага вызвалення беларускіх палітвязняў ды іхнай рэабілітацыі. Шмат хто нагадваў аб канкрэтных праваабаронцах і актывістах апазіцыі, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. У прыватнасці, гучалі імёны Алеся Бяляцкага, Змітра Дашкевіча і Мікалая Статкевіча. Прадстаўнік Польшчы задаў спецдакладчыку пытанне пра тое, чым Еўрапейскі Звяз можа падтрымаць беларускую грамадзянскую супольнасць.

Нарвегія і Швайцарыя выказаліся ў падтрымку працягу мандата спецдакладчыка.

Прадстаўніца ЗША адзначыла, што Беларусь мае самыя нізкія пазіцыі ў рэйтынгу краін у паказчыку свабоды СМІ. Яна выказала спадзяванне, што працяг мандата спецдакладчыка палепшыць сітуацыю з правамі чалавека.

У падтрымку дакладу выказаліся таксама найбуйнейшыя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Amnesty International заклікала беларускія ўлады вызваліць палітвязняў, увесці пасаду амбудсмэна ў правах чалавека і спыніць ужыванне смяротнай кары. Прадстаўніца Freedom House нагадала пра тое, што ў нашай краіне ўжо 19 гадоў не было свабодных выбараў.

На сэсіі выступіў беларускі праваабаронца, намеснік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч. Ён нагадаў пра вязняў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі паводле палітычна матываваных абвінавачванняў. Праваабаронца таксама распавёў пра пераслед актывістаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. «Сітуацыя ў краіне застаецца стабільна кепскай», - заявіў Валянцін Стэфановіч. Ён выказаўся ў падтрымку пастановы аб працягу мандата спецдакладчыка Рады правоў чалавека ААН і заклікаў улады краіны выдаць яму ўязную візу.

На заканчэнне абмеркавання Міклаш Харашці падзякаваў прысутным за заўвагі і адказаў на крытыку. Ён адзначыў, што сёння ўпершыню змог уступіць у дыялог з прадстаўніком афіцыйнага Менска і заявіў, што гатовы працягнуць сваю працу ў Беларусі. Галасаванне аб працягу мандата спецдакладчыка Рады правоў чалавека ААН у нашай краіне пройдзе 6 чэрвеня.

Нагадаем, у дакладзе Міклаша Харашці, акрамя патрабаванняў аб вызваленні палітвязняў, змяшчаюцца і іншыя. У прыватнасці, беларускім уладам таксама рэкамендавана зрабіць захады для ліквідацыі ўсіх перашкод, якія замінаюць чыннаму ўдзелу грамадскіх няўрадавых арганізацый і апазіцыйных партый у палітычным жыцці краіны, а таксама гарантаваць бесстаронняе ўжыванне законаў на практыцы.

Акрамя таго, афіцыйнаму Менску рэкамендавана актывізаваць работу парламэнцкай групы для вывучэнні пытання смяротнага пакарання, апублікаваць вычарпальную інфармацыю аб ужо выкананых прысудах і неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне з далейшым яго скасаваннем.

Уладам рэкамендуецца таксама правесці расследаванне выпадкаў гвалтоўнага знікнення некалькіх беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, фактаў пазбаўлення ліцэнзій і пераследу адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года, гарантаваць поўную незалежнасць судовай сістэмы і суддзяў у Беларусі.

Спецдакладчык заклікае ўлады гарантаваць, што ўсе затрымваныя грамадзяне будуць хутка інфармавацца аб прычынах затрымання і выстаўляных абвінавачваннях, мець бесперашкодны доступ да адваката. Пры гэтым рэкамендавана гарантаваць абсалютную забарона на катаванні ды іншыя тыпы неналежнага абыходжання з затрыманымі.

Беларускім уладам таксама рэкамендавана забяспечыць абарону праваабаронцаў і журналістаў ад пераследу, запалохвання і гвалту, правесці поўнае і бесстаронняе расследаванне ўсіх такіх выпадкаў.

Харашці звярнуў увагу, што пры падрыхтоўцы дакладу ў яго адбыліся сустрэчы за межамі Беларусі з прадстаўнікамі апазіцыйных партый, грамадскіх арганізацый, праваабаронцамі, журналістамі

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках