Сацыялістычны інтэрнацыянал: Свабоду беларускім вязням сумлення
6- 5.06.2013, 7:51
- 20,857
Адна з найбуйнейшых міжнародных арганізацый падтрымала беларускіх змагароў за свабоду.
Пасяджэнне Камітэта Сацыялістычнага інтэрнацыяналу краін СНД, Каўказа і Чарнаморскага рэгіёну прайшло 3-4 чэрвеня ў Тбілісі. На ім прысутнічала Марына Адамовіч - жонка палітзняволенага кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Ігар Барысаў - намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). У дэкларацыі, прынятай на пасяджэнні, утрымліваецца патрабаванне аб вызваленні беларускіх актывістаў апазіцыі і праваабаронцаў, якія зараз знаходзяцца ў турмах. Таксама міжнародная арганізацыя, якая ўключае 156 сацыялістычных і сацыял-дэмакратычных партый з больш, чым 100 краін свету, выказала салідарнасць з беларусамі, якія вядуць барацьбу з дыктатурай. Пра гэта паведамляецца на сайце Сацыялістычнага інтэрнацыяналу (пераклад - charter97.org).
«Камітэт выказвае сваю поўную салідарнасць з беларускім народам у яго барацьбе за свабоду, дэмакратыю, незалежнасць і захаванне сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці. Працягваюцца сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека з боку кіруючага рэжыму, і Камітэт заклікае спыніць пераслед лідараў апазіцыі, вызваліць і рэабілітаваць палітычных зняволеных, сярод якіх Мікалай Статкевіч, лідар БСДП (НГ) - партыі, якая ўваходзіць у Сацыялістычны інтэрнацыянал», - гаворыцца ў дэкларацыі.
У беларускіх турмах і калоніях цяпер знаходзяцца больш за дзесяць палітычных зняволеных. Сярод іх - былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, праваабаронца Алесь Бяляцкі і яшчэ 9 актывістаў апазіцыі.
Міжнародная супольнасць і праваабарончыя арганізацыі патрабуюць вызвалення беларускіх вязняў сумлення. Еўрапейскі Звяз і ЗША ўвялі візавыя і эканамічныя санкцыі супраць памагатых дыктатара - чыноўнікаў і бізнесменаў, замяшаных у правядзенні рэпрэсій і фінансавай падтрымцы рэжыму, для таго, каб дамагчыся выхаду на волю 14 палітвязняў.