Палітвязню Францкевічу забаранілі чытаць Даўлатава і Кафку
12- 8.06.2013, 10:00
- 16,913
Бандэроль з кнігамі для Аляксандра Францкевіча не прапусціла адміністрацыя калоніі.
Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла маці палітвязня.
«Чаму не прапусцілі - не ведаю. Я атрымала назад гэтую бандэроль, хоць надоечы ў калоніі адвакату сказалі, што можна дасылаць мастацкую літаратуру. Папярэджвалі, каб не дасылалі толькі філасофскія і палітычныя кнігі, але цяпер і мастацкія забаранілі. Можа, Даўлатава не прапусцілі праз тое, што пісаў аб савецкіх канцлагерах, дзе сам служыў ахоўнікам? А за што Кафку не прапусцілі - уявіць не магу», - пракаментавала сітуацыю Таццяна Францкевіч.
Нагадаем, у траўні 2011 года Аляксандр Францкевіч быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў «справе анархістаў». Яго абвінавацілі ў нападзе на шэраг дзяржаўных устаноў, а таксама ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкама. На судзе сваёй віны ён не прызнаў. Праваабаронцы прызналі Францкевіча палітычным зняволеным і патрабуюць ягонага неадкладнага вызвалення.