24 лiстапада 2024, Нядзеля, 12:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Прынцэсе» беларускага цырка пагражае 10 гадоў

97
«Прынцэсе» беларускага цырка пагражае 10 гадоў

Чарговая гучная крымінальная справа ў Беларусі раскручваецца пад купалам дзяржаўнага цырка.

Як і трынаццаць гадоў таму ў цэнтры гэтай скандальнай гісторыі апынулася Таццяна Бандарчук, якую за адданасць унікальнаму мастацтву называюць «прынцэсай цырка», пішуць «Беларускія навіны».

Матэрыялаў, сабраных міліцэйскімі барацьбітамі з эканамічнай злачыннасцю і супрацоўнікамі КДК, дастаткова, каб Генпракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да Таццяны Бандарчук. Праўда, у афіцыйным паведамленні яе імя не называецца.

У прэс-рэлізе фігурантка згадваецца як «былая дырэктарка - мастацкая кіраўнічка дзяржаўнай відовішчнай установы «Беларускі дзяржаўны цырк». Пра каго ідзе гаворка, тут і гадаць не трэба, але калі Таццяна Мікалаеўна стала «былой», пакуль невядома.

Таксама за кадрам застаюцца падрабязнасці гэтай гісторыі. Узяўшыся за вытворчасць крымінальнай справы Следчы камітэт РБ абмежаваўся толькі паведамленнем, што справа распачатая паводле ч. 3 арт. 424 КК («Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі»), а «мера ўтрымання ў дачыненні да падазронай не абіралася». Санкцыя артыкула - пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Нешта падобнае ў сваім яркім цыркавым жыцці Таццяна Бандарчук ужо перажывала.

У красавіку 2000 года прэс-служба МУС распаўсюдзіла паведамленне такога зместу:

«Супрацоўнікі УЭП ГУУС Менскага гарвыканкама ў будынку Беларускага дзяржцырка затрымалі з доказамі злачынства дырэктарку гэтай установы Таццяну Бандарчук. Яна падазраецца ў атрыманні хабару ў суме 4,9 тысячы даляраў ЗША ад двух артыстаў Маскоўскага цырка за развязанне пытання наконт укладання кантракта, звязанага з выступленнем і размяшчэннем цыркавога рэквізіту. Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 169 КК».

Затрыманую змясцілі ў следчы ізалятар, а па сталіцы папаўзлі жудасныя чуткі, аж да таго, што ў сейфе дырэктаркі знайшлі стосы даляраў, а ў самім Белдзяржцырку нібыта чачэнскія баевікі сваю базу асталявалі.

Пакуль Таццяна Мікалаеўна знаходзілася пад арыштам, у цырка з'явіўся новы дырэктар. Прозвішча яго запомніць не паспелі, казалі, што з былых вайскоўцаў. Камандаваў ён артыстамі нядоўга.

Прыкладна праз месяц Бандарчук вызвалілі са следчага ізалятара. На прэс-канферэнцыі тагачасны генпракурор Алег Бажэлка растлумачыў, што змяненне меры стрымання звязана з перакваліфікацыяй абвінавачання: з хабару на - злоўжыванне службовым становішчам. Куды дзелася фармулёўка «хабар з доказамі злачынства», якая ўручалася пад кантролем аператыўнікаў, так і засталося таямніцай следства. Пазней стала вядома, што справу прыпынілі і наогул спынілі. А Таццяна Мікалаеўна неяк непрыкметна вярнулася ў крэсла дырэктаркі і з галавой занурылася ў няпростае цыркавое жыццё.

Дарэчы, Бандарчук пасля таго выпадку вельмі шмат мела стасункаў з журналістамі, практычна ніколі не адмаўляла ў інтэрв'ю, але яна сябе паставіла так, што ніхто не пытаўся ў яе пра падрабязнасці зняволення ў следчым ізалятары. Сама ж яна пра гэта ні слова не прамовіла. І на чуткі пра тое, што за яе заступіўся правадыр дзяржавы ніяк не рэагавала.

Здавалася, што самы цяжкі час для сябе дырэктарка Таццяна Бандарчук паспяхова перажыла. З верасня 2008 года Беларускі дзяржаўны цырк знаходзіўся на рэканструкцыі і зноў адкрыў свае дзверы ў снежні 2010 года. Артысты доўгі час былі, можна сказаць, бяздомнымі. Але высілкамі свайго кіраўніка без працы не сядзелі - выступалі ў шапіто, гастралявалі. Таццяна Мікалаеўна паспявала і будаўнікоў кантраляваць.

Да месца заўважыць, у лістападзе 2011 года Аляксандра Лукашэнка адзначыў Заслужаную дзеячку мастацтваў Рэспублікі Беларусь Таццяну Бандарчук годнасцю Народнай артысткі Беларусі. З часам стане вядома, якія прэтэнзіі высунулі праваахоўнікі «прынцэсе цырка».

Напісаць каментар 97

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках