Анатоль Лябедзька: Галоўныя дармаеды - гэта чыноўнікі
81- 12.07.2013, 18:38
- 58,116
Заявай аб паўмільёне беспрацоўных беларускія ўлады прызналі, што 20 гадоў хлусілі пра адсутнасць беспрацоўя.
Так старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў сайту charter97.org патрабаванне Мясніковіча спаганяць падатак з «дармаедаў».
«Па-першае, гэта даволі сэнсацыйная заява, бо такі вялікі адсотак людзей, якія не маюць працы, разбурае тую «вялікую заваёву», пра якую гавораць беларускія ўлады, маўляў, у нас няма беспрацоўя. Нам дваццаць гадоў чаўплі, што ў нас усе людзі занятыя, а цяпер выяўляецца, што паўмільёна людзей не працуе. Гэта значыць, што ўлада прызнаецца ў сваёй хлусні на працягу 20 гадоў», - заявіў палітык.
Ён мяркуе, што напраўду гэтая лічба большая.
«Амаль мільён людзей выехаў за мяжу. Яны паводле беларускіх мерак таксама лічацца беспрацоўнымі, бо не знайшлі тут магчымасці працаваць. Гэта значыць, што эканамічная мадэль, якая створаная, з'яўляецца нявыкруткай. Яна не матывуе людзей заставацца і працаваць у Беларусі. А калі да гэтага дадаць яшчэ і паўмільёна, якія не працуюць і застаюцца ў краіне, то гэта азначае крах усёй сістэмы і таго «эканамічнага цуду», пра які нам казалі», - падкрэсліў лідэр АГП.
Анатоль Лябедзька дадаў, што такім чынам галоўнымі дармаедамі ў Беларусі з'яўляюцца чыноўнікі.
«Яны атрымліваюць добрыя заробкі, але пры гэтым амаль нічога не робяць або робяць дрэнна. Чыноўнікі працуюць неэфэктыўна, калі стварылі такую вялікую плойму гастарбайтэраў і беспрацоўных», - падсумаваў палітык.
Нагадаем, прэм'ер-міністр Беларусі прапанаваў увесці падатак з афіцыйна непрацоўных грамадзян.