Прыпар у Жлобіне: жыхароў прымусілі перафарбоўваць дамы ў жоўты колер
73- 13.07.2013, 8:56
- 43,925
Жлобін похапкам рыхтуюць да «Дажынак».
Мясцовыя ўлады пад пагрозай адміністрацыйных штрафаў прымушаюць прыватнікаў у райцэнтры і ў прыгарадных вёсках фарбаваць фасады дамоў, дахі, агароджы, прычым, абавязкова - у светлыя колеру, паведамляе «Радыё Свабода».
Прыгарадная вёска Лебедзеўка трапіла пад абавязковую «перафарбоўку», бо яна знаходзіцца на ўездзе ў горад.
«Да «Дажынак», паперу даслалі, потым прыехалі: дах, фасад фарбуйце! Я ім гэтую паперку паказваю і кажу: «Мы з мужам не можам гэта зрабіць, бо мы паджылыя людзі». З райвыканкама прадстаўнік, ці адкуль ён, запісаў нешта, спытаў: «А вы скардзіліся старшыні сельскага савета?» Я адказваю: «Не, я не скардзілася», - кажа пенсіянерка Раіса Маркіна, якой 83 гады.
Жанчына распавядае, што ў хуткім часе прыехаў старшыня Луцкага сельсавету, да якога належыць Лебедзеўка, і інспектар пажарнага нагляду. Праводку праверылі, печку. Кіраўнік сельскага савета таксама запатрабаваў купляць фарбу светлых адценняў і ўкладаць з сельсаветам дамову-абавязанне на афарбоўку фасада і даху.
«Старшыня сказаў купляць фарбу. Самі не зможаце пафарбаваць – вулічны камітэт хутка пафарбуе. А потым, кажа, з пенсіі будуць вылічваць. Фарбу мы купілі самі – 1 мільён 800 тысяч аддалі. Наймалі пафарбаваць. Як раз з Украіны прыехаў чалавек да суседкі, зарабіць, ці што. Параілі. Дык яны за два дні пафарбавалі - аддалі мы 2 мільёны 800 тысяч».
На пытанне, дзе ўзялі грошы, Раіса Маркіна ўздыхае:
«Збіралі на смерць мужу і сабе. Мы ж старыя, хворыя. Муж амаль не ходзіць, зроку няма. Яго месца - толькі ложак і вядро. І я таксама такая».
Гараджане, якія пражываюць у Жлобіне ў прыватных дамах на цэнтральных вуліцах або паблізу, таксама атрымалі грозныя пісьмовыя папярэджанні за подпісам галоўнага раённага архітэктара Уладзіміра Бобкі з патрабаваннем пафарбаваць фасады і платы ў светлыя колеры - жоўты, бэзавы, ружовы, а яшчэ - купіць і пасадзіць кветкі. У выпадку адмовы - адміністрацыйнае пакаранне. Раённая афіцыйная газета паведаміла ўжо, што 37 прыватных домаўладальнікаў аштрафаваныя.
Адзінокая пенсіянерка з вуліцы Барташова, былая рабочая мэблевай фабрыкі кажа, што не ў стане за сваю пенсію выканаць патрабаванне ўладаў:
«Платы прымушаюць мяняць - камісія прыходзіла, дом фарбаваць прымушаюць. Шыферны дах альбо памыць, альбо памяняць. Вы ж ведаеце, якія кошты - вар'яцкія. Я нічога рабіць не збіраюся - хай штрафуюць. У мяне пенсія 1 мільён 900 тысяч - хай штрафуюць, гэта будзе на іх сумленні».
Жанчына кажа, што была ў райвыканкаме і скардзілася на немагчымасць выканаць патрабаванне. Там сказалі, што на афарбоўку плота дашлюць школьнікаў.