4 чэрвеня 2024, aўторак, 11:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская эканоміка раскідваецца, як старое аўто

48
Беларуская эканоміка раскідваецца, як старое аўто

У беларускіх уладаў няма агульнага плана па вывядзенні эканомікі з крызісу.

Пра гэта заявіў эканаміст Леў Марголін, каментуючы сайту charter97.org запэўненне беларускага прэм'ера аб тым, што ніякага падзення беларускага рубля не будзе.

«Усе гэтыя чыноўнікі: Ермакова, Пракаповіч і Мясніковіч выконваюць свае службовыя абавязкі - супакойваюць насельніцтва. Наогул, ёсць дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі. Першая ў захаванні валютных рэзерваў. Ёсць шмат падставаў, каб пакрысе дэвальваваць беларускі рубель: гэта і ўзровень інфляцыі, і рост заробкаў, які адбываецца хутчэй, чым прадукцыйнасць працы, адмоўны гандлёвы баланс і баланс паслуг», - адзначыў эканаміст.

Экспэрт дадаў, што ўсё гэта спрыяе таму, каб беларускі рубель таннеў.

«Але ёсць і іншая тэндэнцыя. Гэта заданне ўрада - да канца года нарасціць ўзровень заробку да 600-700 даляраў. А для гэтага трэба зубамі трымаць курс рубля і не даваць яму падаць. Калі б у нас была рынкавая эканоміка, то тэндэнцыя была б на паніжэнне курса рубля. Але паколькі ў нас прымаюцца валюнтарысцкія пастановы, то можна прадбачыць толькі тое, што калі сітуацыя захаваецца, то золатавалютныя рэзервы будуць змяншацца на вачах. І гэтага ўрад і Нацыянальны банк не могуць вытрымаць больш за два тры месяцы. Таму калі мы ўбачым, што ЗВР памяншаюцца дастаткова хуткімі тэмпамі, значыць, рашучай дэвальвацыі не пазбегнуць», - упэўнены Леў Марголін.

Ён падкрэсліў, што гэта можа не адбыцца толькі ў выніку цуду, напрыклад, калі Лукашэнка прывязе з Кітая пару мільярдаў даляраў, што малаверагодна.

«Цяпер мы бачым дэвальвацыю ў 1,5% за месяц, а гэта практычна нішто. Калі Нацбанк пачне рабіць гэта трохі хутчэй, значыць, ён ўсведамляе сур'ёзнасць сітуацыі і робіць нейкія захады. Калі пераможа пазіцыя ўрада на павышэнне заробку, а Нацбанк будзе трымаць курс рубля, то мы праз тры чатыры месяцы ўбачым тое, што ўбачылі ў пачатку 2011 года», - мяркуе эканаміст.

Экспэрт перакананы, што ў Беларусі адбываецца вельмі цікавая з'ява - даляр трохі вырас, і кошты падвысіліся.

«Але яны растуць не толькі ў рублях, але і ў валютным эквіваленце, калі курс валюты не мяняецца. Таму, калі не адбываецца дэвальвацыя рубля, то з ростам коштаў у нас адбываецца дэвальвацыя даляра і еўра. Гэта значыць, што за той самы даляр або еўра мы можам купіць значна менш, чым год таму. І такая цікавая рэч адбываецца толькі ў нас. У нашых суседзяў: у Польшчы, Літве і нават ва Украіне гэтага няма. Таму мы мае паток беларускіх грамадзян, якія рынулі за мяжу, каб купляць не толькі тэхніку, але прадукты, адзенне і бытавую хімію, што азначае яшчэ большы ціск на валютны рынак. Гэта ўсё паказвае разлад у беларускай эканоміцы, калі няма агульнай ідэі, плана і стратэгіі, якія маглі б вывесці краіну з крызісу. Нагадвае стары аўтамабіль, калі асобныя часткі не вытрымліваюць, і, нарэшце, механізм развальваецца. Гэта можа адбыцца і з беларускай эканомікай», - падсумаваў Леў Марголін

Нагадаем, пазаўчора ў Касцюковічах на нарадзе са старшынямі райвыканкамаў Магілёўскай вобласці прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што ніякага абрынання беларускага рубля не будзе.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках