25 лiстапада 2024, панядзелак, 9:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лісты Статкевіча адпраўляюць з турмы ў пракуратуру

8
Лісты Статкевіча адпраўляюць з турмы ў пракуратуру

Праблемы з ліставаннем з палітвязнем Мікалаем Статкевічам набылі новы паварот.

Як паведаміла сайту statkevich.org жонка палітыка, Марына Адамовіч, праблемы з ліставаннем узнікалі шмат разоў і раней. Але тады лісты Мікалая Статкевіча проста «не праходзілі цэнзуру», а лісты ад яго адрасатаў «знікалі» ці, у выпадку, калі ліст быў «заказны», палітвязень атрымліваў толькі пусты канверт.

- Апошні з атрыманых лістоў мяне здзівіў, - распавяла Марына. - У ім Мікалай паведаміў, што яго папярэднія лісты былі не проста канфіскаваныя, а накіраваныя ў абласную пракуратуру разам з яго паказаннямі аб сітуацыі ў Шклоўскай калоніі, пра якую ён напісаў у гэтым лісце.

- Цікава, што б гэта значыла? Ці то адміністрацыя турмы баіцца, каб інфармацыя аб тым, што адбывалася ва ўстановах пенетэцыярнай сістэмы, дабралася да волі? Ці то, наадварот, вырашылі праявіць пільнасць і «прасігналізаваць» пра выяўленыя парушэнні? Але ў такім выпадку можна было копіяй ліста скарыстацца. Таму схіляюся да першага, - сказала Марына Адамовіч.

Жанчына не ведае пра змест ліста, але кажа, што не цяжка здагадацца, што распавесці Мікалаю Статкевічу было пра што.

- Я вельмі добра памятаю, што там адбывалася як раз два гады таму, калі пасля прыезду Лукашэнкі ў Шклоў і яго знакамітай прапановы «палітычным» «папрасіцца», там пачаўся страшны ціск на іх. Таму, думаю, напісаць Мікалаю было пра што. Спадзяюся, што схаваць гэта ўжо немагчыма, нават, калі будзе канфіскаваны яшчэ дзесятак лістоў.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Арыштаваны пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць іх фальсіфікацый.

26 траўня 2011 года палітык быў прысуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Рашэннем суда ад 12 студзеня 2012 года ўмовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, і ён быў пераведзены з калоніі № 17 у Шклове ў турму № 4 Магілёва.

Статкевіча часта кідаюць у карцэр, палітвязень абмежаваны ў перадачах і сустрэчах са сваякамі, па загадзе ўладаў у дачыненні да яго ажыццяўляюцца правакацыі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках