Макей паляцеў у Брусэль
18- 22.07.2013, 10:04
- 13,053
Уладзімір Макей прыме ўдзел у сённяшняй сустрэчы кіраўнікоў МЗС «Усходняга партнёрства».
Яна пачнецца ў Брусэлі ў 17.00 па мясцовым часе (18.00 па Менску), паведамляе прэс-служба Рады ЕЗ. Сустрэчы будзе папярэднічаць пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў Еўразвяза.
Міністры замежных спраў краін - удзельніц Усходняга партнёрства абмяркуюць бягучую сітуацыю ў сваіх дзяржавах, а таксама падрыхтоўку да саміту УП, які пройдзе 28-29 лістапада ў Вільні, перадае БелаПАН.
Беларускі міністр ўдзельнічае ў сустрэчы па запрашэнні вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і еўракамісара па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыцы суседства Штэфана Фюле.
Гэта першая паездка Макея ў Еўропу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У студзені 2011-га ён у ліку іншых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў быў занесены ў чорны спіс ЕЗ як асоба, датычная да жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежня і наступных пераследаў актывістаў апазіцыі. На той момант Макей узначальваў адміністрацыю Лукашэнкі.
24 чэрвеня гэтага года Рада міністраў замежных спраў ЕЗ на пасяджэнні ў Люксембургу прыняла рашэнне аб прыпыненні візавых санкцый у дачыненні да Уладзіміра Макея. Санкцыі прыпыненыя на той час, пакуль ён займае пасаду міністра замежных спраў Беларусі. У той жа час Макей застаецца ў спісе асоб, на якіх распаўсюджваюцца фінансавыя санкцыі.
18 ліпеня Міжнародная федэрацыя правоў чалавека абвясціла пра намер правесці ў Бруселі каля будынка, дзе будуць сустракацца міністры, акцыю пратэсту супраць візіту Макея. Яна пачнецца сёння апоўдні.