25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Палітвязням у турмах пагражаюць згвалтаваннем

60
Мікалай Статкевіч: Палітвязням у турмах пагражаюць згвалтаваннем

Сталі вядомыя падрабязнасці ліста Мікалая Статкевіча, які быў канфіскаваны пракуратурай.

Інфармацыю аб ім сайт charter97.org атрымаў з крыніц у турме Магілёва, дзе зараз знаходзіцца палітвязень.

Мікалай Статкевіч у лісце напісаў пра парадкі, якія склаліся ў Шклоўскай калоніі, праз якую прайшлі шматлікія актывісты апазіцыі, асуджаныя за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.

Ён паведаміў аб тым, што ў чатырох з іх «выбівалі» згоду напісаць прашэнне аб памілаванні пагрозамі згвалтавання.

Палітвязень мяркуе, што такім чынам адміністрацыя ўстановы імкнулася хутчэй пазбавіцца ад вязняў, якія маглі распавесці аб карупцыі, якая квітнее там.

Мікалай Статкевіч таксама прывёў іншыя вядомыя яму факты парушэння закону, сведкам якіх ён стаў, знаходзячыся ў калоніі. У прыватнасці, ён напісаў аб тым, што ў ва ўсіх зняволеных вымагалі прадукты, якія яны атрымлівалі ў перадачах. Каўбаса, шакалад і цыгарэты ішлі начальніку атрада. Людзі былі вымушаныя плаціць такую «даніну», бо інакш «немагчыма атрымаць умоўна-датэрміновае вызваленьне».

Мікалай Статкевіч адзначыў, што такая-ж сітуацыя склалася і ў іншых калоніях.

Аб тым, што ліст палітвязня быў сканфіскаваны і адпраўлены ў пракуратуру, паведаміла яго жонка Марына Адамовіч 16 ліпеня. Яна адзначыла, што не ведае пра яго змест, але мяркуе, што мужу «было аб чым» распавесці.

Мікалай Статкевіч браў удзел у выбарах 2010 года ў якасці аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты. Яго арыштавалі пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць іх фальсіфікацый.

26 траўня 2011 года палітык быў прысуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Пастановай суда ад 12 студзеня 2012 умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, і ён быў пераведзены з калоніі № 17 у Шклове ў турму № 4 Магілёва.

Статкевіча часта кідаюць у карцэр, палітвязень абмежаваны ў перадачах і сустрэчах са сваякамі, паводле загаду ўладаў у дачыненні да яго ажыццяўляюцца правакацыі.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках