4 траўня 2024, Субота, 1:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія школы застануцца без настаўнікаў

151
Беларускія школы застануцца без настаўнікаў

Недабор на некаторыя спецыяльнасці ў бягучым годзе быў нават на бюджэтныя аддзяленні педагагічных ВНУ краіны.

Вакантнымі засталіся амаль 70% бюджэтных месцаў па такіх спецыяльнасцях, як фізіка і матэматыка. Не выкананы планы прыёму і па некаторых іншых, піша «Завтра твоей страны».

Эксперты не бачаць у гэтым сенсацыі. Кажуць, што вынікі сёлетняй уступнай кампаніі ў педагагічных ВНУ - гэта заканамернасць. Сёння сфера педагагічнай адукацыі перажывае не проста крызіс - яна развальваецца. І на любыя заявы тыпу «а больш настаўнікаў краіне і не трэба, таму што памяншаецца колькасць школьнікаў, скарачаецца колькасць школ» прыводзяць свае аргументы.

- Гэты год не першы, калі педагагічныя ВНУ не выканалі план прыёму студэнтаў на навучанне за кошт бюджэту, - кажа рэпетытар па фізіцы і матэматыцы Яўген Лівянт, які ўжо не адзін год даследуе праблему школьнай адукацыі. - Такая тэндэнцыя апошніх гадоў. І гэта на фоне таго, што педагагічныя ВНУ зніжаюць кантрольныя лічбы прыёму.

Напрыклад, у мінулым годзе на фізічны факультэт менскага педагагічнага ўніверсітэта план прыёму на бюджэт быў 130 месцаў, у гэтым яго скарацілі да 85! І што? У мінулым годзе на фізфак паступіла 85 чалавек, у гэтым дакументы падалі толькі 29 чалавек! Тое ж і з матэматыкай. На матэматычны факультэт у гэтым годзе планавалася набраць 115 чалавек, тых, хтожадае вучыцца, аказалася толькі 52. У мінулым годзе план прыёму на бюджэтнае аддзяленне гэтага факультэта быў 135 месцаў, падалі заяву 132 чалавекі. З іх за год адлічана больш за 30 першакурснікаў. Дарэчы, давучыцца да 2-га курса з тых 85 чалавек, якія паступілі на фізфак ў мінулым годзе, змаглі крыху больш за 50.

Аналагічная сітуацыя ва ўсіх нашых педагагічных ВНУ - Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова, Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце і іншых.

Прычым хачу асабліва адзначыць: апошнія гадоў сем зніжаецца і прахадны бал для паступлення ў педагагічных ВНУ. Туды ідуць горшыя абітурыенты.

- Мне здаецца, гэта тэндэнцыя не толькі апошніх сямі гадоў.

- Магчыма, педагагічныя ВНУ ніколі не былі самымі прэстыжнымі ВНУ. Прымаўкі кшталту «У кого ума нет – идет в пед» існуюць даўно. Але ў 1980-я гады - час майго студэнцтва - не тое што ў педінстытут, у педвучылішча палова групы - гэта былі дзяўчаты-выдатніцы, якія потым паступалі ў настаўніцкія інстытуты. Я сканчаў фізфак БДУ, педагагічнае аддзяленне, і палова маіх аднакурснікаў - гэта былі вучні з сярэднім балам атэстата 4,5-5. Мінімум трое з маіх аднакурснікаў сёння - гэта прафесары, якія працуюць у ЗША і Швецыі.

Тое, што адбываецца сёння ў сферы педагагічнай адукацыі, - гэта ўжо не крызіс, гэта развал. Колькасныя змены, калі жадаючых ісці ў настаўнікі станавілася ўсё менш і менш, перайшлі ў якасныя. З 2011 года на многія спецыяльнасці педагагічных ВНУ бяруць усіх запар, прахадныя балы нават не лічаць. У цяперашнюю кампанію нават на такіх умовах на фізіка-матэматычныя спецыяльнасці педагагічных ВНУ набрана прыблізна 30% ад плана, прычым плана, скарочанага ў параўнанні з мінулым годам. І не факт, што ўсе гэтыя хлопцы і дзяўчаты змогуць вучыцца, не будуць адлічаныя за непаспяховасць, таму што не змогуць асвоіць універсітэцкую праграму. Значыць, можна лічыць, што выкладанне фізікі і матэматыкі ў нашых педагагічных ВНУ сканчаецца. Але калі няма студэнтаў, у выкладчыкаў няма працы. Іх звольняць, нікім не замяніць. Ланцужок наступстваў ад недабору ў педагагічных ВНУ мае шмат звёнаў.

- Напрыклад?

- На мой погляд, ніякай мадэрнізацыі прамысловасці ў нашай краіне не атрымаецца. Прааналізуйце сусветны рэйтынг сярэдняй адукацыі PISA. Якія краіны займаюць там першыя радкі? Паўднёвая Карэя, Кітай, Сінгапур, Фінляндыя, Швецыя. Краіны, у якіх адбылася рэальная мадэрнізацыя эканомікі. Не ведаю, што тут прычына, а што следства, але выразная залежнасць звязкі «адукацыя - мадэрнізацыя» прасочваецца.

- І якое выйсце? Хто-небудзь шукае рэцэпт для выратавання беларускай школы?

- Цяжка сказаць. Ні для каго не сакрэт, што адна з асноўных прычын - гэта падзенне прэстыжу прафесіі настаўніка. Школьных педагогаў ператварылі ў найнізкую касту грамадства.

Мінадукацыі быццам бы вяло размовы пра тое, што неабходнае ўвядзенне якіх-небудзь льгот для ўсіх настаўнікаў, спецыяльных надбавак для маладых спецыялістаў, павышэнне стыпендый у педагагічных ВНУ, увядзенне адтэрміноўкі ад войска для мужчын, якія працуюць настаўнікамі. Нарада па гэтай праблеме анансавалася, але, здаецца, так і не адбылася. Па крайняй меры я так і не знайшоў у прэсе згадкі ні пра саму нараду, ні пра прынятыя на ёй рашэнні.

Больш за тое, складваецца адчуванне, што ў краіне робіцца ўсё для таго, каб настаўнікі беглі са школы. Такой бюракратыі, паператворчасці, якія ёсць цяпер у школе, не было ніколі. Школу проста паралізавала вар'яцкая колькасць даведак, справаздач, міфічных планаў, рэйтынгаў і іншага трызнення. Як і перагружаныя непатрэбным матэрыялам школьныя праграмы, жудасныя падручнікі. Ведаеце, мне школьныя праграмы нагадваюць набор з пазлаў розных памераў, якія насыпалі са скрынак з рознымі малюнкамі - нічога не стыкуецца!

Гаворка ідзе пра сістэмны крызіс школьнай адукацыі, і даваць нейкія простыя рэцэпты - гэта глупства. Для пачатку неабходна афіцыйна прызнаць гэты крызіс. Толькі ў гэтым выпадку будзе сэнс шукаць адказ на пытанне «Што рабіць?».

Кожны год у нас будуецца велізарная колькасць дамоў, мноства будынкаў капітальна рамантуецца. Усё гэта робіцца з вялікімі недахопамі. Нарады на самым высокім узроўні па вырашэнню праблем у будаўніцтве праходзяць ледзь не кожны дзень, прымаюцца нейкія меры. Людзі, у рэшце рэшт, атрымліваюць новыя або адрамантаваныя кватэры, хай і з мноствам недаробак. А у адукацыі ўжо шмат гадоў нічога не будуецца і нічога не рамантуецца - усё толькі прыходзіць у заняпад і развальваецца. А кіраўнікі сістэмы адукацыі толькі водзяць карагоды з загаворамі то ў адзін бок, то ў другі.

- Сёння яшчэ ёсць каму вучыць нашых дзяцей?

- Вельмі добрыя настаўнікі яшчэ ёсць. Але іх становіцца ўсё менш і менш. Паказальным быў мінулы год. Некалькі маіх знаёмых настаўніц узросту 35-40 гадоў, у якіх яшчэ і ўзрост працаздольны, і вопыт ёсць, і катэгорыя вышэйшая, сышлі са школы ў сярэдзіне навучальнага года. Для іх гэта быў рашучы крок. Гэта тыя выдатніцы з 1980 - пачатку 1990-х, якія марылі быць настаўнікамі - і сталі, але і яны не змаглі больш працаваць у нашай школе.

Напісаць каментар 151

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках