Уладзімір Яроменак прысуджаны да трох месяцаў арышту
17- 20.08.2013, 10:27
- 16,686
Былога палітвязня прызналі вінаватым у парушэнні прэвентыўнага нагляду.
Прысуд Уладзіміру Яроменку вынес суддзя Леанід Ярмоленкаў. Працэс над былым палітвязнем пачаўся ўчора і праходзіў у судзе Першамайскага раёна Менска.
Адбываць пакаранне актывіст будзе ў арыштным доме. Сваю віну падчас судовага пасяджэння ён не прызнаў. У бліжэйшы час Уладзімір Яроменак абскардзіць свой прысуд. Пакуль ён застаецца на волі.
Уладзімір Яроменак у студзені 2011 года быў арыштаваны, як падазраваны па справе «аб масавых беспарадках». Быў асуджаны на тры гады. Адбываў пакаранне ў калоніі пад Віцебскам. У жніўні 2011 года ў ліку іншых фігурантаў быў памілаваны. З тых часоў яшчэ некалькі разоў апыняўся за кратамі па адміністрацыйных артыкулах.
15 сакавіка 2013 года суд Першамайскага раёна Менска на 6 месяцаў падоўжыў прэвентыўны нагляд у дачыненні да актывіста, які быў устаноўлены год назад.
14 ліпеня, у дзень вянчання маладафронтаўца, яму патэлефанаваў следчы і настойліва папрасіў з'явіцца ў панядзелак. Яроменак дамовіўся перанесці размову на два дні. 16 ліпеня яму прад'явілі пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы па артыкуле 421 «Парушэнне прэвентыўнага нагляду», датаваную 24 траўня.
Фота: «Радыё Свабода»